Расейскія мотастралкі паднялі бунт пад Крынкамі
- 3.12.2023, 13:29
- 9,526
![Расейскія мотастралкі паднялі бунт пад Крынкамі](https://i.c97.org/ai/573976/aux-head-1701599371-202200809_akupant_zima_360.jpg)
Генерал Цяплінскі страціў здольнасць камандаваць на гэтым кірунку.
Плацдарм УСУ ў Крынак у Херсонскай вобласці пашыраецца. Камандаванне УС РФ перакінула туды рэзервы ў надзеі адціснуць украінцаў, але выніку гэта не дало.
Такой інфармацыяй 2 снежня падзяліўся Z-канал «ПДВ за Сумленнасць і Справядлівасць», звязаны з афіцэрамі акупацыйнай групоўкі «Днепр» УС РФ, паведамляе dialog.ua.
![](https://i.c97.org/ai/573976/aux-1701599269-c529aae0124aba2eb19b1c9e9a2edf5c.webp)
«Сітуацыя ў раёне Крынак для нас толькі пагаршаецца. Усе спробы выбіць ворага з найбліжэйшых лесапасадак і самага населенага пункта (...) не ўвянчаліся поспехам... Зона кантролю ворага яшчэ больш павялічылася», – паведамілі расейскія акупанты.
Яны запэўніваюць, што камандзір гэтага кірунку генерал Цяплінскі не ў стане выбудаваць эфектыўнае кіраванне. Салдаты бунтуюць, адмаўляючыся выконваць небяспечныя загады камандзіраў.
Паводле звестак Z-канала, на гэтым адрэзку фронту ў падраздзяленняў УС РФ няма ўзгодненасці ў дзеяннях.
Сяброўскі агонь, а таксама падрывы на ўласных мінах – звыклая штодзённасць. Пагаршае становішча нізкая якасць артылерыі і сістэмаў РЭБ.
«Ён (Цяплінскі – рэд.) не пакідае спробаў зачысціць плацдарм, кідаючы ў бессэнсоўныя (...) штурмы ўжо і так патрапаныя падраздзяленні… Мотастралкі з 70-й дывізіі неаднаразова наўпрост ці патаемна адмаўляліся выконваць загады», – напісаў расейскі канал.
Ён запэўнівае, што камандаванне мае намер перакінуць на гэты адрэзак дадатковыя сілы. Таксама, паводле звестак рэсурсу, у калідорах штаба групоўкі «Днепр» ужо пачалі пагаворваць пра хуткую адстаўку Цяплінскага з пасады камандзіра Херсонскага кірунку.
«За больш чым месяц яго (Цяплінскага – рэд.) камандавання, плацдармы УСУ на левым беразе Дняпра да гэтага часу не ліквідаваныя і нават павялічваюцца, а, маючы магутную групоўку, ён да гэтага часу не можа скінуць у Днепр 2,5 роты ворага», – паведаміў Z-канал.