«На фронце самыя крутыя – беларусы»
21- 3.12.2023, 15:25
- 10,422
Гісторыя добраахвотніка з Беларусі, які ўпотай ад сям'і з'ехаў ваяваць ва Украіну.
Сяргей (імя на просьбу героя змененае) паўгода ўдзельнічаў у баях ва Украіне ў складзе палка Каліноўскага.
Сям'я Сяргея мяркуе, што ўвесь гэты час мужчына правёў на заробках у Польшчы. Сяргей на ўмовах ананімнасці расказаў «Радыё Свабода», чаму з’ехаў з Беларусі і пазней пайшоў ваяваць.
«Нармальны беларус павінен праз гэта прайсці»
Сяргею 40 гадоў. Ён захапляецца турызмам, а ягоная праца звязаная з вышынёй і падвышанымі рызыкамі. Сяргей – не сапраўднае імя героя публікацыі, ён змяніў яго дзеля сваёй бяспекі і бяспекі сваіх сваякоў, якія засталіся ў Беларусі.
Мужчына пакінуў Беларусь у 2021 годзе праз палітычны пераслед. Ён жыў і працаваў у Польшчы, атрымліваючы за месяц блізу $2 тысячаў. У лютым 2023 года, атрымаўшы від на жыхарства ў Польшчы, Сяргей адправіўся ваяваць ва Украіну ў складзе УСУ. Праз паўгода ён пайшоў у адстаўку – пасля таго, як у яго на вачах загінулі трое ягоных пабрацімаў.
Пытанне, чаму ён пайшоў на вайну, выклікае ў Сяргея моцныя эмоцыі: ён хавае вочы, слёзы мяшаюць гаварыць.
«Я думаю, нармальны беларус, мужчына, мусіць праз гэта прайсці. Там самая класная тусоўка. Словы, думкі – гэта добра, гэта вайна сэнсаў. І там хлопцы сапраўды рызыкуюць жыццём. У Беларусі цябе могуць пасадзіць, ты можаш памерці ў турме. На фронце гэта больш рэальна, там самыя крутыя беларусы», – кажа ён.
Сяргей дадае, што пайшоў на вайну, каб мець магчымасць абараніць незалежнасць роднай краіны. «У 1991 годзе на нас абрынулася незалежнасць, мы за яе не змагаліся, – падкрэслівае ён. – У Беларусі няма праслойкі людзей, гатовых абараняць незалежнасць са зброяй. Дабро павінна быць з кулакамі».
Другая прычына, паводле ягоных словаў, псіхалагічная – хацеў убачыць, што такое вайна, зразумець, як ён сябе там павядзе. «Нармальнае такое хлапечае пытанне», – рэзюмуе баец. Мяркуе, што праверку ён прайшоў.
Падчас размовы з журналістам Сяргею некалькі разоў заміналі слёзы. На пытанне, чаму ён плача, мужчына выказаў здагадку, што гэта, можа быць, «лёгкі посттраўматычны стрэсавы разлад».
«Тое, што я застаўся ў жывых, – чыстая выпадковасць»
Ва Украіне беларус ваяваў у атрадзе «Атам» палка Каліноўскага, які быў сфармаваны ў гонар загінулага добраахвотніка Васіля «Атама» Грудавіка.
У Данецкай вобласці ў яго на вачах загінулі трое ягоных пабрацімаў. Адзін з іх быў яго сябрам. Яшчэ адзін – зусім малады хлопец, гэта быў яго першы баявы выхад. Асноўныя падрабязнасці гэтай вылазкі байцам забаранілі выдаваць. Трагедыя здарылася ў ліпені сёлета. Невялікая група байцоў рушыла на начную вылазку.
«Я ішоў апошнім у групе. Першы, другі, потым трэці загінулі, я ішоў апошнім... Мы з папярэднім байцом упалі, ён у мяне ў сектары абстрэлу, я нічога не бачу. Ён моўчкі ляжыць паміж мной і атакавалым. Каб яго не застрэліць, я чакаю», – успамінае Сяргей падрабязнасці той ночы.
Пазней высветлілася, што ўвесь гэты час пабрацім беларуса быў мёртвы.
«Прайшоў некаторы час, я пакінуў заплечнік, папоўз наперад. Я думаў, ён ляжыць і чакае. Кажу яму: “Давай паглядзім, што там наперадзе”. Страсянуў яго, памацаў пульс – а яго няма. Вось і ўсё... Калі развіднела, я ўбачыў, што там ляжалі камандзір, кулямётчык і мой сябар. Кулі прабілі бронік зверху і знізу, грудзі і брушную паражніну. Ён мог памерці цягам пяці хвілінаў», – кажа добраахвотнік.
Сам Сяргей мяркуе: тое, што ён застаўся ў жывых, – гэта выпадковасць: «Тое, што я апынуўся ў канцы групы, – чыстая выпадковасць. Мой прыбор начнога бачання не працаваў, і пакуль я ім займаўся, наш гурт стартаваў. Пакуль я з ім займаўся, гурт стартаваў».
Мабыць, наймацнейшым узрушэннем для Сяргея стала ўсведамленне, што ягоная дачка-падлетак можа застацца без бацькі. Кожны раз, калі мужчына гаворыць пра сваю дачку, ён плача.
«Я не хачу, каб мая дачка жыла пры Лукашэнку. Мы не можам змяніць гэта з дапамогай кветак і сцягоў. Наступны этап – фізічная сіла», – перакананы ён.
Сяргей хоча вярнуцца на радзіму і змяніць рэжым у краіне.
«Але тут канфлікт: з аднаго боку, нам трэба выратаваць Беларусь, з другога боку – мы не павінны забывацца пра сям'ю. Як застацца ў жывых і выканаць гэтую задачу? Мне спадабалася ваяваць – але не паміраць... Калі мая дачка вырасце, яна зразумее. Але пакуль ёй патрэбен не герой, а тата», – мяркуе ён.
«Псіхолаг дапамагае эмацыйна пераадолець гэты стрэс»
Байцам, якія перажылі гібель сваіх пабрацімаў, прапануецца прафесійная псіхалагічная дапамога. Але для гэтага трэба было ездзіць «на базу», у Кіеў (цяпер псіхолагі ўжо працуюць на перадавой). Сяргей таксама ездзіў на індывідуальныя кансультацыі.
«Псіхолаг дапамагае эмацыйна пераадолець гэты стрэс. Я не магу ацаніць яго аб'ектыўна. Часам я магу спакойна гаварыць пра гэта, часам – не», – дзеліцца Сяргей.
Баец адзначае, што пабрацімы з разуменнем ставяцца да працы з псіхолагам, ніхто з гэтай нагоды не жартуе.
«Там няспынны стрэс. Сам даеш рады – калі ласка, неабходная дапамога – таксама калі ласка», – кажа Сяргей.
Пасля трагедыі камандзір забараніў беларускаму байцу выконваць небяспечную працу, хоць ён не атрымаў ніякіх фізічных пашкоджанняў.
«Мяне трэсла, калі я ўначы ляжаў з аўтаматам. Гэта выкід адрэналіну – і цябе трасе. Калі разумееш, што трое пабрацімаў сталі “грузам 200”, то дранцвееш, дзейнічаеш паводле сітуацыі… У батальёне стасункі нармальныя. Камбат стварае сямейную атмасферу. Пасля таго як эвакуявалі загінулых, мы з хлопцамі ўвечары пайшлі ў кавярню, выпілі, пагутарылі», – успамінае Сяргей.
«Для сям'і я ў Польшчы»
Сям'я Сяргея застаецца ў Беларусі. Мужчына хоча, каб ягоная дачка вырасла там, вывучыла беларускую мову. Ніхто са сваякоў Сяргея не ведае, што ён пайшоў ваяваць.
«Для сям'і я ў Польшчы. Што такое ГУБАЗіК і што такое жонка? Яе возьмуць – яна ўсё раскажа», – упэўнены ён.
Паўгода ён хаваў сваё сапраўднае месцазнаходжанне ад сваякоў, тэлефанаваў жонцы толькі ў прыдатных выпадках.
«Я яшчэ ў Беларусі прывучыў жонку не званіць мне ў працоўны дзень: у мяне няма часу адказваць. Калі ты на фронце, у цябе ўсяго адзін дзень для адпачынку. Тады можна патэлефанаваць, напісаць. Для відэазванкоў я выбіраў адпаведны фон. Або тэлефанаваў з Кіева, абраў месцы, дзе шыльды на лацінцы. Імкнуўся, каб не было чуваць украінскай гаворкі. Хоць украінцаў і ў Польшчы шмат, можна выкруціцца», – расказвае Сяргей.
Пра тое, што ваяваў ва Украіне, Сяргей збіраецца расказаць жонцы – але пазней. Мяркуе, што будзе скандал.
«Пакрычыць-пакрычыць, што я так рызыкаваў. Але куды яна падзенецца? Я ж жывы. Я не здрадзіў ёй. Гэта тая самая Беларусь, дзеля якой мы стараемся», – тлумачыць Сяргей.