Эстонія можа закрыць мяжу з Расеяй у любы момант
7- 3.12.2023, 17:17
- 3,210

Кіраўніца памежнай службы Эстоніі перасцерагла жыхароў краіны ад паездак у Расею.
Мяжа Эстоніі з Расеяй можа быць закрыта на працягу гадзіны пасля адпаведнай пастановы ўрада. Пра гэта ў нядзелю, 3 снежня, паведамляе фінская медыякампанія Yle, прыводзячы каментар кіраўніцы памежнага ўпраўлення Дэпартамента паліцыі і памежнай аховы Эстоніі Эвы Кальмус.
Яе словы прагучалі на фоне павелічэння колькасці перасячэнняў мяжы на кантрольна-прапускным пункце Нарва пасля таго, як Фінляндыя закрыла ўсе КПП на мяжы з РФ. Пастанова Хельсінкі прывяла да таго, што колькасць людзей, якія перасякаюць эстонска-расейскую мяжу, павялічылася ў сярэднім на тысячу чалавек за тыдзень. Гэта на 25 працэнтаў больш чым звычайны трафік.
Эва Кальмус адзначыла, што Талін можа рушыць услед прыкладу Хельсінкі, і звярнулася з жыхарам Эстоніі з просьбай не ездзіць у РФ. «Мы просім не ездзіць у Расею. Тыя, хто ўжо паехаў у РФ, могуць аказацца ў тупіку, калі вярнуцца будзе вельмі складана», – сказала яна.
Фінляндыя цалкам закрыла наземную мяжу з РФ
Фінляндыя 28 лістапада на два тыдні закрыла апошні кантрольна-прапускны пункт на мяжы з Расеяй, тым самым поўнасцю перакрыўшы наземную мяжу з Расеяй. Адкрытым застаўся толькі пункт пропуску на чыгунцы для грузавых злучэнняў «Вайнікала».
Фінскія ўлады пайшлі на гэты крок ва ўмовах рэзкага наплыву ў краіну нелегальных мігрантаў з краін Блізкага Усходу і Афрыкі цераз мяжу з Расеяй. У арганізацыі гэтага міграцыйнага крызісу Хельсінкі падазрае Маскву. Пастанова аб закрыцці ўсёй усходняй мяжы была прынятая для «абароны нацыянальнай бяспекі Фінляндыі ад гібрыднай аперацыі Расеі», заявіў прэм'ер-міністр краіны Петэры Орпа.