ЦАХАЛ пачаў наземную аперацыю ў паўднёвай частцы сектара Газа
- 3.12.2023, 19:02
- 3,860
Ізраільскія танкавыя злучэнні пачалі атакаваць аб'екты ХАМАС.
Дазволена да публікацыі: ЦАХАЛ пачаў наземную аперацыю таксама і ў паўднёвай частцы сектара Газа, крыху на паўнач ад горада Хан-Юніс. Аб гэтым сёння, 3 снежня, паведаміў журналіст радыёстанцыі «Галей ЦАХАЛ» Дорон Кадош.
Ізраільскія танкавыя злучэнні пачалі атакаваць у гэтым раёне абʼекты ХАМАС. Войска плануе нарасціць групоўку на поўдні сектара і павялічыць інтэнсіўнасць аперацыі там. Палестынскія крыніцы сёння ўдзень паведамлялі аб тым, што ізраільскія танкі былі заўважаныя на скрыжаванні на шашы Салах-ад-Дзін на поўначы Хан-Юніса.
«Па ўсёй верагоднасці, ЦАХАЛ створыць кола вакол горада і яго спадарожнікаў па тым жа прынцыпе, як гэта было зроблена ў горадзе Газа, і пачне паступова сціскаць гэта кола адначасова і на поўдні, і на поўначы», – адзначае тэлеграм-канал «Дзяжурны па Ізраілю».
Вось як выяўляе гэты кірунак атакі замежны анлайн-праект liveuamap, які складае мапу баявых дзеянняў на аснове інфармацыі з адкрытых крыніц.