Сяму-таму з беларусаў давядзецца заплаціць «навагодні» падатак
2- 4.12.2023, 15:31
- 18,014
Пра якую суму ідзе гаворка?
У снежні шмат свят, да якіх вельмі ўважліва прыглядаецца падатковая інспекцыя. У фатографаў, музыкаў і актораў у гэтым месяцы працы больш, чым зазвычай, таму МПЗ нагадвае пра выплату падаткаў.
«Онлайнер» паглядзеў, якія стаўкі цяпер дзейнічаюць.
Каб віншаваць з Новым годам за грошы, трэба заплаціць адзіны падатак 518 рублёў у Менску і 478 рублёў у абласных цэнтрах і Менскім раёне. У вялікіх местах стаўка 404 рублі, у іншых паселішчах — 294 рублі.
Такія ж стаўкі дзейнічаюць для актораў, танцораў, музыкаў, якія выступаюць самі, і тых, хто будзе займацца "музычна-забаўляльным абслугоўваннем" карпарацыйных пагулянак і калядных вечарын.
Фатографы і тыя, хто займаецца здыманнем відэа, маюць выбар — выплачваць адзіны падатак або ўжываць падатак на прафесійны даход (10 або 20% атрыманага даходу).
Адзіны падатак для фатографаў складае 490 рублёў у Менску, 452 рублі ў абласных цэнтрах і Менскім раёне, 368 рублёў у вялікіх местах, 294 рублі ў іншых паселішчах.
Для тых, хто займаецца здыманнем відэа, стаўкі адзінага падатку цяпер такія: 526 рублёў у Менску, 486 рублёў у абласных цэнтрах і Менскім раёне, 426 рублёў у вялікіх местах і 316 рублёў у іншых паселішчах.
Нагадаем, з наступнага года стаўкі адзінага падатку прапануюць падняць.