27 лiпеня 2024, Субота, 4:03
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У РФ за год не знайшлі ніводнага новага радовішча рэдкіх металаў

10
У РФ за год не знайшлі ніводнага новага радовішча рэдкіх металаў

Маштабны праект уладаў РФ на мяжы зрыву.

Нягледзячы на падатковыя льготы і падключэнне найбуйнейшых дзяржкарпарацый, сярод якіх "Расатам", "Растэх", "Нарнікель", за 2023 год у РФ не знайшлі ніводнага новага радовішча дэфіцытных відаў сыравіны, паведамляе «Коммерсант» са спасылкай на звесткі Мінпрыроды.

Рэдкія металы, у спіс якіх уваходзіць 60 такія элементаў, як літый, ванадый, малібдэн і вальфрам, выкарыстоўваюцца ў самых розных галінах – ад вытворчасці электрамабіляў да аэракасмічнай прамысловасці.

Патрэба ў гэтай сыравіне да пачатку вайны ва Украіне закрывалася ў асноўным за кошт імпарту. Яшчэ ў 2021 годзе Падліковая палата прыводзіла звесткі, паводле якіх у Расею імпартавалася больш за траціну стратэгічных відаў мінеральнай сыравіны і больш за 60% дэфіцытных відаў карысных выкапняў. Паводле ацэнак ПП, за кошт імпарту поўнасцю закрываліся патрэбы Расеі ў марганцы, хроме, тытане і літыі. Пастаўкі цырконію з-за мяжы складалі 87% расейскага рынку, малібдэну – 40,5%.

Восенню 2021 года ўрад паставіў мэту дамагчыся 100%-нага імпартазамяшчэння стратэгічных відаў сыравіны, у тым ліку марганцу, хрому і тытану, да 2030 года. Кампаніям-распрацоўніцам былі прапанаваныя падатковыя льготы: яны плацяць ПЗКВ паводле стаўкі 4,8% замест 8%, а ў першыя дзесяць гадоў распрацоўкі радовішчаў базавы памер падатку зніжаецца ў 8 разоў.

Але, нягледзячы на гэта, "прарыву" ў адраджэнні здабычы рэдкіх металаў, якая амаль цалкам спынілася пасля краху СССР, не адбываецца. Прычына – у адсутнасці тэхналогій, растлумачылі "Коммерсанту" у Мінпрыроды: у Расеі няма ўласных распрацовак, якія дазваляюць аддзяляць каштоўныя металы ад спадарожных элементаў, што істотна павялічвае капітальныя выдаткі здабыўных кампаній,

Што датычыцца ўжо разведаных радовішчаў, то большасць з іх знаходзяцца ў цяжкадаступных раёнах, дзе няма энэргетычнай і транспартнай інфраструктуры.

Каб развязаць праблему з імпартазамяшчэннем, Мінпрыроды прапануе ў 2024–2026 гадах вылучыць з бюджэту 88 млрд руб. на геолагаразведку стратэгічных відаў сыравіны – літыю, тытану, марганцу, ніёбію і рэдказямельных металаў.

Напісаць каментар 10

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках