WSJ: Ізраіль гатовы затапіць тунэлі ХАМАС марской вадой, помпы ўжо ўсталяваныя
- 5.12.2023, 9:00
- 7,888

На аперацыю спатрэбіцца некалькі тыдняў.
Ізраіль разглядае ідэю затаплення тунэляў палестынскай тэрарыстычнай групоўкі ХАМАС у сектары Газа марской вадой, паведаміла выданне The Wall Street Journal са спасылкай на амерыканскага чыноўніка.
Як гаворыцца ў паведамленні, у лістападзе ЦАХАЛ устанавіў пяць вялікіх вадзяных помпаў паблізу Аль-Шаці — лагера ўцекачоў у горадзе Газа. Гэтыя помпы дастаткова магутныя, каб перапампоўваць у тунэлі ХАМАС тысячы кубаметраў вады за гадзіну і затапіць іх такім чынам за некалькі тыдняў.
Ізраіль яшчэ не вызначыўся, ці будзе ён гэта рабіць, але папярэдзіў чыноўнікаў ЗША пра гэты план у лістападзе.
Рэакцыя ў ЗША, піша WSJ, была неадназначнай, і некаторыя чыноўнікі выказвалі неспакой – што да патэнцыйнай шкоды ваданоснаму гарызонту і глебе анклава.
«Мы не ўпэўненыя, наколькі паспяховай будзе прапампоўка, бо ніхто не ведае падрабязнасцяў аб тунэлях і зямлі вакол іх. Немагчыма ведаць, ці будзе гэта эфектыўна, бо мы не ведаем, як марская вада будзе сцякаць у тунэлі, у якіх ніхто раней не бываў», - цытуе WSJ сваю крыніцу.
3 снежня ЦАХАЛ заявіў, што выявіў больш за 800 уваходаў у тунэлі ХАМАС з пачатку вайны і разбурыў 500 з іх.
2 снежня ЦАХАЛ паказаў уваход у тунэль ХАМАС, знойдзены на школьным двары ў сектары Газа.
22 лістапада ў ЦАХАЛ заявілі, што выявілі і знішчылі больш за 400 тунэляў баевікоў ХАМАС у сектары Газа.
Сетка тунэляў была знойдзена пад бальніцай Аль-Шыфа, якую ў Войску абароны Ізраіля называлі асноўнай базай для аперацый ХАМАС.