27 лiпеня 2024, Субота, 3:12
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Наталля Радзіна: Невыпадкова з'явіліся тыя, хто прасоўвае зняцце санкцый з Лукашэнкі

4
Наталля Радзіна: Невыпадкова з'явіліся тыя, хто прасоўвае зняцце санкцый з Лукашэнкі
Наталля Радзіна

Захаду трэба ўзмацняць ціск на рэжым.

Дырэктар Дэпартамента дзяржаўнай бяспекі Літвы (ДДБ) Дарус Яўнішкіс заявіў аб рэкорднай сетцы і актыўнасці беларускіх спецслужбаў у краіне. У літоўскім Сэйме прапануюць абмежаваць атрыманне часовага дазволу на жыхарства новым мігрантам з Беларусі.

Як паведаміў кіраўнік спецслужбаў Літвы LRT, цяпер у краіне знаходзіцца блізу 60 тысяч беларусаў. Звесткі Агенцтва дзяржаўнай аховы сведчаць, што 8 з 10 з іх — эканамічныя мігранты. Астатніх кваліфікуюць як супраціўнікаў рэжыму. Аднак Яўнішкіс акцэнтуе ўвагу на пагрозлівай тэндэнцыі і зазначае, што ў Літве зафіксавалі самую высокую актыўнасць беларускіх карнікаў і выведнікаў.

«Пры такой тэндэнцыі, калі за год уязджае па 17 тысяч (скажам, з тымі ж працоўнымі візамі або часовымі ДнЖ), падлічыце — у 2025 годзе іх будзе блізу 100 тысяч (беларусаў у Літве — заўвага). Гэта значная сіла. Імаверна, надыдзе той час, з'явіцца тая "чырвоная лінія", калі мы ўжо не зможам іх кантраляваць, бо спраўджванне патрабуе часу, рэсурсаў і намаганняў», — заявіў кіраўнік ДДБ.

Яўнішкіс адзначае, што немагчыма "да кожнага беларуса прыставіць прадстаўніка выведкі або паліцыянта". Каб развязаць праблему, ДДБ прапануе ўзмацніць патрабаванні для беларусаў, якія знаходзяцца ў Літве. Бо спецслужба выявіла павелічэнне беларускай дыяспары і патэнцыял для пагроз. Цяпер гэтае папярэджанне павінны ацаніць літоўскія ўстановы і палітыкі.

Галоўная рэдактарка сайта Charter97.org Наталля Радзіна ў гутарцы з украінскай рэдакцыяй RFI (Radio France internationale) адзначыла, што Літва апынулася ў складаным становішчы, бо ў гэтую невялікую краіну з параўнальна маленькім насельніцтвам пачала прыбываць значная колькасць беларусаў.

“Ясна, што ўзнікаюць новыя пагрозы. Ясна, што сярод тых беларусаў, якія прыязджаюць у краіну, акрамя людзей, што зазнаюць рэальны палітычны ціск унутры Беларусі, ёсць і агенты беларускіх спецслужбаў. У гэтай сітуацыі, на маю думку, літоўскі Дэпартамент дзяржаўнай бяспекі павінен проста прафесійна выконваць свае абавязкі і спраўджваць людзей, якія прыбываюць на тэрыторыю краіны. Пазбаўляць беларусаў магчымасці атрымаць палітычны прытулак або дазвол на жыхарства ў Літве ўважаю за няправільнае», — адзначае Наталля Радзіна.

Паводле ейных слоў, цяпер існуе вялізная пагроза бяспецы людзей на тэрыторыі Беларусі. Палітычны пераслед не спыняецца, а толькі ўзмацніўся з пачатку вайны ва Украіне. У беларускіх турмах, паводле звестак журналісткі, знаходзіцца блізу 8-10 тысяч чалавек, якія не згодныя з дзейным рэжымам. Ці не штодня адбываюцца арышты з палітычных матываў.

Спецслужбы Лукашэнкі, дадае галоўная рэдактарка Charter97.org, сёння актыўна працуюць сярод беларускай эміграцыі, агентура сочыць за жыццём беларускай палітычнай эміграцыі за мяжой і, напэўна, прысутная на шмат якіх акцыях, а асобныя агенты — укаранёныя ў розныя арганізацыі. Невыпадкова паасобныя з прадстаўнікоў беларускай апазіцыі прасоўваюць ідэі зняцця санкцый і правядзення перамоў паміж Захадам і рэжымам Лукашэнкі.

Журналістка намагае, што Літве трэба ўзмацняць санкцыі менавіта ў дачыненні да рэжыму Лукашэнкі. Акрамя таго, на ейную думку, патрэбны рэгулятар, які б асочваў выкананне такіх абмежаванняў. Наталля Радзіна ўважае эканамічны ціск на Лукашэнку за недастатковы. На ейную думку, уведзеныя ЕЗ і ЗША абмежаванні працуюць неэфектыўна, іх масава абыходзяць.

«Новыя санкцыі ў дачыненні да Беларусі практычна не ўводзяцца. Няма сінхранізацыі санкцый у дачыненні да Беларусі і Расеі, што дазваляе рэжыму Пуціна абыходзіць праз тэрыторыю нашай краіны шмат абмежаванняў. Няма другасных санкцый для дзяржаў, якія дапамагаюць і рэжыму Лукашэнкі, і рэжыму Пуціна унікаць забарон. Ёсць мноства выпадкаў абыходу санкцый: на тэрыторыю ЕЗ кантрабандай паступаюць і беларускія нафтапрадукты, і калійныя ўгнаенні, і вырабы з драўніны, і будаўнічыя матэрыялы», — расказала Радзіна.

У мінулым месяцы Лукашэнка заяўляў беларускім мэдыям, што стасункі Беларусі з суседнімі Літвой і Польшчай адновяцца ў будучыні. Імавердна, ён мае на ўвазе аднаўленне гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва і зняцце санкцый.

«Думаю, Лукашэнка разлічвае, што ўрэшце Еўропа стоміцца, заявіць, што нібыта санкцыі не працуюць (хоць яны на поўную моц і не былі ўведзеныя ў дачыненні да ягонага рэжыму) і зноў пачне гандляваць з дыктатурай. Лукашэнка 30 гадоў гуляў у гэтую гульню, боўтаючыся паміж Расеяй і Еўропай. Спадзяюся, гэтага не адбудзецца. У час вайны Расеі супраць Украіны ўсім цалкам ясна, чый хаўруснік сённяшняя Беларусь.

Пакуль там кіруе абсалютна прарасейскі (у гэтым няма ніякіх сумневаў) рэжым Лукашэнкі, заўсёды будзе пагроза не толькі для Украіны, але і для ўсіх краін Захаду. Лукашэнка, які заяўляе пра нібыта наладжванне стасункаў з Польшчай і Літвой, увесь час пагражае ім, у тым ліку — ужываннем ядзернай зброі», — падагульняе Наталля Радзіна.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках