У Глыбокім 61-гадовую ўраджэнку Расеі арыштавалі за «падабайкі» ў сацыяльнай сетцы
2- 5.12.2023, 14:09
- 6,856

Яе абвінавацілі ў «пікетаванні ў інтэрнэце».
У Глыбокім адбыўся суд над 61-гадовай ураджэнкай Прыморскага краю Расеі Аленай Крыўко, якая ўпадабала ў «Аднакласніках» некалькі «экстрэмісцкіх» рэсурсаў, а таксама выклала фота бел-чырвона-белага сцяга. Яе пакаралі 8 днямі арышту, піша тэлеграм-канал «Вітебск, я гуляю!» са спасылкай на прысуд.
Алена Крыўко родам з паселішча гарадскога тыпу Кавалёрава Прыморскага краю Расеі, але ўжо даўно жыве ў Беларусі, у вёсцы ў Глыбоцкім раёне, паведамляюць праваабаронцы.
Карнікі знайшлі на ейнай старонцы ў «Аднакласніках» некалькі публікацый з суполак, якія пазней (пасля таго, як жанчына іх упадабала і яны з'явіліся на яе старонцы) былі прызнаныя «экстрэмісцкімі». Таксама на ейнай старонцы была фатаграфія бел-чырвона-белага сцяга, "што сведчыць аб выказванні асабовых поглядаў на падзеі грамадска-палітычнага жыцця".
З двума адміністрацыйнымі артыкуламі — аб «пікетаванні ў інтэрнэце» (ч.1 арт.24.23 КоАП) і «распаўсюджанні экстрэмісцкіх матэрыялаў» (ч.2 арт.19.11 КоАП) — спадарыня патрапіла 20 лістапада да суддзі суда Глыбоцкага раёна Аляксандра Аляксеенкі.
Той арыштаваў жанчыну на 8 дзён.