У Беларусі – рэкорд у продажах новых аўтамабіляў
7- 5.12.2023, 17:29
- 9,442

Што набывалі ў лістападзе.
За лістапад у Беларусі прададзена 3057 легкавых і лёгкіх камерцыйных аўтамабіляў, у тым ліку 2689 легкавых. Гэта рэкордны паказнік продажу за месяц сёлета, паведаміў Office Life кіраўнік Беларускай аўтамабільнай асацыяцыі (БАА) Сяргей Варывода.
Для параўнання: паводле звестак БАА, у кастрычніку пакупнікоў знайшлі 2360 машынаў. У верасні было прададзена 2058 легкавых аўтамабіляў, а ў жніўні гэты паказнік складаў 2019 новых аўто.
За студзень – лістапад 2023 года тэмп аднаўлення рынку легкавых аўтамабіляў дасягнуў 140 адсоткаў. Да лістапада мінулага года рынак вырас на 340%. Месяц таму гэты паказнік быў роўны 478,7 адсотка. На думку Сяргея Варыводы, гэта сведчыць пра паступовае вычарпанне эфекту нізкай базы і запаволенне тэмпу аднаўленчай дынамікі.
Пашырыўся і мадэльны шэраг аўтамабіляў, якія прадаюцца. У пачатку года аўтадылеры паведамлялі пра продажы 35 мадэляў новых машынаў, а ў лістападзе размова ішла ўжо пра 75 мадэляў.
Пры гэтым дзель легкавых аўтамабіляў кітайскіх марак у справаздачным месяцы перавысіла 84 адсоткі. А канцэрн «БЕЛДЖЫ» у сваю чаргу забяспечыў 70% усіх дылерскіх продажаў.