Дроны СБУ ўдарылі па шэрагу важных ваенных аб'ектаў расейцаў у Крыме
- 5.12.2023, 17:57
- 4,778
Атакаваная стаянка гелікаптэраў і іншыя цэлі.
Уначы і раніцай 5 снежня Служба бяспекі Украіны (СБУ), папярэдне, масавана атакавала ваенныя цэлі УС РФ у акупаваным Крыме.
Адным з першых пра гэта напісаў вядомы ўкраінскі валанцёр Ігар Лачанкаў у Telegram.
Неўзабаве з аналагічнымі паведамленнямі пачалі выходзіць іншыя ўкраінскія СМІ, спасылаючыся на свае крыніцы ў спецслужбе, піша «Дыялог.UA».
Паводле іх звестак, у ходзе атакі пад ударам апынуліся чатыры ваенныя аб'екты расейцаў: стаянка гелікаптэраў, дзве радыёлакацыйныя сістэмы «Неба-М» і П-18 «Церак», а таксама сістэма кіравання зенітна-ракетнымі падраздзяленнямі расейскага войска «Байкал-М».
Аб'екты знаходзіліся ў пасёлку Багерава побач з Керчу, а таксама ў сяле Стралковае на Арабацкай стрэлцы.
«Так спецслужба павіншавала акупантаў з міжнародным Днём валанцёра», – удакладніў Лачанкаў. СБУ інфармацыю пакуль не пракаментавала.