27 лiпеня 2024, Субота, 3:37
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Цела забітай расейцамі 15-гадовай украінкі хавалі ў Беларусі: Што вядома пра трагедыю

32
Цела забітай расейцамі 15-гадовай украінкі хавалі ў Беларусі: Што вядома пра трагедыю

Дзяўчынку амаль два гады шукала ўся Украіна.

Дзяўчынку, якую амаль два гады шукала ўся Украіна, знайшлі мёртвай. 15-гадовая Арына Яцюк была параненая расейскімі вайскоўцамі яшчэ 3 сакавіка летась на Жытомірскай трасе, калі яе сям'я спрабавала вырвацца з акупацыі. Бацькі дзяўчынкі загінулі на месцы. А Арыну расейцы забралі нібыта для лекавання. З таго часу пра яе нічога не было чуваць.

Падрабязней пра гэта чытайце ў матэрыяле OBOZ.UA.

Беларусь хавала смерць украінскай дзяўчынкі?

У кастрычніку родныя 15-гадовай Арыны Яцюк нарэшце змаглі пахаваць яе ва Умані Чаркаскай вобласці, побач з забітымі расейцамі мамай і татам.

Усе гэтыя амаль два гады дзядуля і бабуля, дзядзька і цётка вельмі спадзяваліся, што дзяўчынка жывая. Яны адгукаліся на найменшую інфармацыю пра невядомае дзіця, вывезенае ў Беларусь. Але надзеі абрынуліся. Усе гэтыя доўгія месяцы цела Арыны знаходзілася ў моргу горада Мазыр у Беларусі.

Сваякі пісалі шмат запытаў у Беларусь, бо была інфармацыя, што менавіта туды павезлі параненую дзяўчынку. Але кожны раз ім прыходзіў адказ, што Арыны Яцюк на тэрыторыі Беларусі няма ні сярод жывых, ні сярод мёртвых.

Пакуль цела дзяўчынкі не перадалі ва Украіну праз абмен. Яе апазналі ўжо з ДНК.

Маці крычала, што ў машыне дзеці

Трагедыя здарылася 3 сакавіка 2022 года. Сям'я Яцюк – мама Ганна, тата Дзяніс, 9-гадовая Валерыя і 15-гадовая Арына – у першыя дні ўварвання расейцаў ва Украіну выехалі з Кіева на лецішча ў сяло Севярынаўка Кіеўскай вобласці.

Акупантаў там яшчэ не было, чуваць была страляніна ў суседнім сяле Матыжын, над галавой нешта пралятала. Сям'я хацела пераседзець на лецішчы, пакуль усё не супакоіцца. Але ўжо 2 сакавіка з імі знікла сувязь.

Як расказала потым валанцёрам малодшая дачка Валерыя Яцюк, якая выжыла, ужо 3 сакавіка бацькі пастанавілі выбірацца з Севярынаўкі ва Умань да бабулі і дзядулі. Яны селі ў дзве машыны. Валерыя ехала з мамай, а Арына – з татам. Яшчэ з імі былі хросныя, а таксама коткі і сабакі.

Калі аўтамабілі выехалі на Жытомірскую трасу, па іх адкрылі агонь расейскія вайскоўцы. Мама дзяўчынак крычала ім, каб яны не стралялі, у машыне дзеці. Аднак гэта не спыніла акупантаў.

Валерыя спрабавала выклікаць хуткую з мамінага тэлефона, цяжкапараненая Ганна яшчэ здолела ўвесці свой код у тэлефон. Але датэлефанавацца не атрымалася. Дзяўчынка некалькі гадзінаў блукала ў акрузе, грукалася ў дамы, але ёй ніхто так і не адчыніў.

Па трасе праязджалі расейскія танкі, яна хавалася. А потым яна знайшла машыну бацькі. Дзяніс быў ужо мёртвы, побач сядзела Арына, яна была параненая ў сцягно. Паводле словаў Валерыі, на назе ў сястры была вялікая і страшная бурбалка.

Арыну павезлі «лячыць» у Беларусь

Неўзабаве да машыны пад'ехалі расейскія вайскоўцы на танках. Яны пасадзілі сясцёр у розныя машыны. Валерыю яны давезлі да вёскі Капылоў і аддалі незнаёмым мясцовым жыхарам. А пра Арыну сказалі, што павязуць лячыць у Беларусь. Пасля гэтага Арына знікла.

6 красавіка 2022 г., пасля вызвалення Кіеўскай вобласці, бацькоў дзяўчынак пахавалі ва Умані. А Арыну прадаўжалі шукаць. Родныя давалі аб'явы ў сацсетках. Родны брат Дзяніса Уладзімір з жонкай Аксанай падавалі запыты ў МЗС Беларусі. Адтуль прыйшоў адказ, што такой дзяўчынкі ў Беларусі няма.

Звязваліся з украінскай амбасадай у гэтай краіне, з Чырвоным Крыжом. Але ніякай інфармацыі пра Арыну не было.

«Увесь гэты час цела ўнучкі ляжала ў Мазыры. Там былі звесткі, як яе клічуць. Але нам ніхто нічога не казаў, усё хавалі. Мусіць, яна памерла ў той самы дзень, 3 сакавіка. Калі б ёй адразу прапанавалі дапамогу, перавязалі нагу, можа, яна засталася б жывая. Яе цела перадалі праз абмен, яе апазналі з ДНК. Усё, больш яе няма», – расказвае дзядуля Валянцін Іванавіч.

Арыну пахавалі ва Умані побач з мамай і татам. У жывых засталася толькі малодшая сястра Валерыя, якая цудам здолела ўцалець пад кулямі расейцаў. Цяпер яна знаходзіцца ў Польшчы разам са сваім дзядзькам Уладзімірам (братам загінулага Дзяніса) і ягонай жонкай Аксанай.

Тамака дзяўчынка ўжо пайшла ў школу, ёй вельмі падабаецца Польшча.

Напісаць каментар 32

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках