Значная частка галалёдных траўмаў у Менску адбываецца праз неналежны стан інфраструктуры
6- 5.12.2023, 19:26
- 2,522

У перыяд з 21 да 30 лістапада па ўсёй краіне было зарэгістравана 1773 выпадкі галалёдных і халадовых траўмаў.
Значная частка галалёдных траўмаў у Менску адбываецца праз неналежны стан інфраструктуры, заявіў 5 снежня на прэс-канферэнцыі намеснік загадчыка вучэбна-метадычнай працы кафедры траўматалогіі і артапедыі Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта Іван Даўгалевіч.
Як адзначыў Іван Даўгалевіч, дарогі ў Менску прыбіраюцца добра, аднак сцяжынкі, дваровыя дарожкі часам не расчышчаныя і не пасыпаныя пяском, што прыводзіць да падзенняў і галалёдных траўмаў – і колькасць траўмаў расце.
Паводле ягоных словаў, толькі ў шостую лякарню штодзень паступае да васьмі пацыентаў.
«Калі гаварыць пра 6-ю лякарню горада Менска, то ў сярэднім за суткі паступае блізу 5–8 чалавек з галалёднай траўмай. З іх недзе палова – дзеці», – паведаміў ён.
Лекар нейрахірургічнага дзіцячага аддзялення РНПЦ неўралогіі і нейрахірургіі Максім Мялешка паведаміў, што ў гэтае аддзяленне часцей за ўсё трапляюць дзеці, якія атрымалі «цюбінгавую траўму». Гэтай зімой, удакладніў ён, было некалькі выпадкаў лёгкіх чэрапна-мазгавых траўмаў, у мінулыя гады ў выніку катання на снезе фіксаваліся пераломы касцей чэрапа, некаторым дзецям спатрэбілася нейрахіругічнае ўмяшанне, сказаў лекар.
Даўгалевіч таксама адзначыў, што медыкі фіксуюць рост колькасці абмаражэнняў у сталіцы.
«Хачу звярнуць увагу дарослых на экіпіроўку. Ад якасці абутку, падэшвы залежыць вельмі шмат – трэба быць падрыхтаваным да любых нечаканасцяў. Апранацца таксама трэба добра, таму што вельмі шмат абмаражэнняў», – сказаў Даўгалевіч.
Нагадаем, у перыяд з 21 да 30 лістапада па ўсёй краіне было зарэгістравана 1773 выпадкі галалёдных і халадовых траўмаў. З ліку ўсіх пацярпелых 381 – дзеці.