27 лiпеня 2024, Субота, 3:48
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Беларусі хаваюць статыстыку смяротнасці

11
У Беларусі хаваюць статыстыку смяротнасці

Але ў адным райцэнтры яе выпадкова паведамілі – там антырэкорды.

Белстат з 2020 года не публікуе статыстыку смяротнасці і нараджальнасці, але дзяржорганы яе выкарыстоўваюць. Нядаўна раённая газета «Авангард» з Буда-Кашалёва на Гомельшчыне выпадкова апублікавала звесткі, агучаныя ў райвыканкаме, на публікацыю звярнула ўвагу выданне «Флагшток».

У Буда-Кашалёўскім райвыканкаме ў лістападзе прайшло пасяджэнне, прысвечанае медыцынскаму абслугоўванню. Там паказвалі прэзентацыю са слайдам статыстыкі смяротнасці і нараджальнасці ў раёне за апошнія тры гады – ён трапіў на фота раённай газеты. На гэты момант з сайта газеты «Авангард» гэты здымак выдалены.

«Флагшток» вывучыў звесткі і параўнаў іх з даступнай статыстыкай Белстата. Са слайда вынікае, што ўзровень смяротнасці ў раёне стабільна перавышае ўзровень нараджальнасці цягам апошніх трох гадоў. За апошнія два гады насельніцтва Буда-Кашалёўскага раёна скарацілася на 1444 чалавекі або на 4,7%.

Найгоршая сітуацыя назіралася ў 2021 годзе, падчас пандэміі COVID-19. Натуральнае змяншэнне тады склала 12,1 чалавек на 1000 насельніцтва. У наступныя гады смяротнасць скарацілася, але знізілася і нараджальнасць. У выніку за 10 месяцаў 2023 года натуральнае змяншэнне насельніцтва склала 7,2 чалавека на 1000 насельніцтва.

Тэмпы скарачэння фактычнай колькасці насельніцтва апярэджваюць натуральнае змяншэнне. Гэта сведчыць, што дэмаграфічную сітуацыю ў рэгіёне пагаршае і міграцыя. Прычым адмоўная міграцыя яшчэ мацней уплывае на выміранне раёна, чым смяротнасць. Асабліва гэта заўважна сёлета: насельніцтва скарацілася на 2,6%, у той час як натуральнае змяншэнне склала толькі 0,7%.

Натуральнае змяншэнне насельніцтва ў Буда-Кашалёўскім раёне назіралася і раней, аднак не столькі хуткімі тэмпамі. Апроч усплёску смяротнасці ў перыяд пандэміі прычынай вымірання з'яўляецца паступовае скарачэнне нараджальнасці. Найгоршы паказнік быў зафіксаваны ў 2022 годзе, калі ўзровень нараджальнасці склаў усяго 6,9 чалавек на 1000 насельніцтва.

Нагадаем, Белстат апошні раз публікаваў звесткі пра смяротнасць і нараджальнасць ў траўні 2019 года. Установа сама сабе дазволіла не раскрываць статыстыку, якая, як там мяркуюць, пагражае нацыянальнай бяспецы краіны, грамадскаму парадку і маральнасці.

Напісаць каментар 11

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках