«Класічны выпадак, калі лепш жаваць, чым гаварыць»
3- 6.12.2023, 11:30
- 4,486
Беларуская эканоміка як спатыкнулася, так з таго часу і клыпае.
«Тут міністэрства эканамічнага аптымізму пахвалілася, як «няўхільна вырас дабрабыт беларускага народа» за апошнія трыццаць гадоў», — піша тэлеграм-канал «Лісты да дачкі»:
- Асобна яно пахвалілася, як за апошнія трыццаць гадоў «выраслі сярэднія заробкі беларускага народа». І ведаеш што? Вось лепш увогуле народу пра рост дабрабыту за апошнія трыццаць гадоў не нагадваць.
Бо міністэрства ж не пахвалілася, што сярэдні заробак у Арменіі і Грузіі абагнаў сярэднюю заплату беларускага народа. А гэта, між іншым, гістарычная падзея. Бо дагэтуль заробкі ў Грузіі ды Арменіі заўсёды былі ніжэйшыя, чым заробкі беларускага народа.
І пра тое, што сярэдні заробак Польшчы абагнаў сярэднюю заплату беларускага народа ўжо ў два з паловай разы, таксама нічога не сказала. І пра літоўскі заробак, каторы ў два разы большы, таксама нічога не сказала.
І калі параўноўваць дасягненні беларускіх эканамічных эксперыментатараў з суседзямі толькі сёлета, дык усё можа не так і дрэнна. А вось калі параўноўваць дасягненні за трыццаць гадоў, то гэта падобна крыху да катастрофы. Бо дасягненні ў беларускай эканомікі здарыліся ў нулявыя, калі цана нафты была высокая, а Расея прадавала гэтую нафту ў Беларусь танна.
Але ў 2008 годзе беларуская эканоміка як спатыкнулася, так з таго часу і клыпае. Бо выдатныя практыкі эканамічных навук ставілі над ёй занадта шмат эксперыментаў. Праз гэтыя эксперыменты беларуская эканоміка паводзілася так, нібыта яна каталася на горках. То вырасце, то зноў упадзе.
І ў выніку за апошнія пятнаццаць гадоў яна расла ў сярэднім на адзін адсотак за год. А беларускія суседзі раслі ў сярэднім на тры-чатыры адсоткі. І кожны, акрамя эканамічных аптымістаў, можа палічыць, на колькі адсоткаў беларуская эканоміка за гэтыя пятнаццаць год асталася.
Вось сёлета эканамісты зноў выхваляюцца, што эканоміка ў іх вырасце на чатыры адсоткі. Толькі яны ж не выхваляюцца, што гэтая няшчасная эканоміка летась упала на 4,7. І нават калі яна сёлета вырасце, бо ёй загадана расці, яна ўсё адно не здагоніць саму сябе леташнюю. Не кажучы ўжо аб тым, каб здагнаць каго-небудзь яшчэ.
Бо ў той жа Арменіі эканоміка летась вырасла на 14 адсоткаў. А сёлета яна вырасце на 9 адсоткаў. І гэта, заўваж, без усялякіх мабілізацый. Проста, бо ёй так хочацца.
Калі міністэрства эканамічнага аптымізму выхваляецца "ростам дабрабыту за трыццаць гадоў", то гэта той класічны выпадак, калі лепш жаваць, чым гаварыць.