5 лiстапада 2024, aўторак, 3:26
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Улетку можна зарабіць $1500»

9
«Улетку можна зарабіць $1500»

Беларус – пра працу ў дарожнай службе ў Польшчы.

Максім эміграваў у Польшчу з Беларусі амаль год таму. Вялікага запасу грошай у яго не было, таму працу трэба было шукаць хутка. Праз кадравае агенцтва ён уладкаваўся ў дарожную службу Беластока. Пра працу і заробак Максім расказаў MOST.

Для працаўладкавання спатрэбіліся толькі банкаўскі рахунак, індывідуальны нумар Pesel і рэгістрацыя (meldunek). На атрыманне гэтых дакументаў спатрэбіўся не больш за адзін дзень – з усім дапамагло агенцтва. Працаваў Максім паводле Umowa zlecenie (дамове даручэння).

«Калі выпаў снег, то працуем уначы»

– Праца немудрагелістая, але графік ненармаваны. Улетку ў асноўным касілі траву, прыбіралі смецце побач з дарогай і мянялі скрыні. Маглі працаваць 12 гадзінаў. Увосень збіралі апалае лісце, а ўзімку графік ускладняўся і абавязкі відазмяняліся. Калі выпаў снег, то праца ёсць, але, як правіла, толькі ўначы. У такіх выпадках некаторыя мае калегі заставаліся начаваць у вагончыку поруч трасы, каб раніцай не марнаваць цэлую гадзіну на дарогу, – дзеліцца нюансамі працы Максім.

Нягледзячы на ненармаваны графік, плацілі на стаўцы 17 злотых нета за гадзіну. На той момант гэта быў мінімальны заробак у Польшчы. Але была дамоўленасць, што частку заробленых грошай сабе забірала кадравае агенцтва.

Заробак залежаў ад сезону. Напрыклад, летам можна было зарабіць максімум 6 тыс. злотых, зімой – не больш за 3,5 тыс., а восенню крыху больш – блізу 4–4,5 тыс. злотых за месяц. Праз невялікую занятасць зімой некаторыя палякі або з'язджалі на працу за мяжу, або шукалі іншую кампанію. Тую, дзе можна было зарабіць большыя грошы.

«Нават калі можна за тры падыходы прыбраць рукамі, палякі сядуць у трактар»

Сёння дарожныя працы ў значнай ступені аўтаматызаваныя, але і ручной працы стае, зазначае Максім.

– Мне часам было больш звыкла прыбраць лісце граблямі, чым спрабаваць гэта зрабіць спецыяльным прыстасаваннем. Ад яго вынік лепшы не стане. Але заўважыў адно адрозненне палякаў ад беларусаў: нават калі будзе маленькая горка снегу, якую за тры падыходы можна з лёгкасцю прыбраць, палякі ўсё роўна рукамі не будуць гэта рабіць, а хутчэй сядуць у трактар.

Звычайны працоўны дзень выглядаў прыкладна так: прыходзілі ў пункт збору да сёмай раніцы, каб паспець пераапрануцца ў спецвопратку. Потым была планёрка: абмяркоўвалі, хто на які аб'ект паедзе і за якія адрэзкі будзе адказваць. Каб выконваць тэхніку бяспекі, часта ладзілі невялікія 15-хвілінныя перапынкі і адзін 30-хвілінны. Пасля заканчэння працы ўсе вярталіся на нашу, так бы мовіць, базу і адзначалі адпрацаваныя гадзіны ў дзяжурнага. Калі цягам гадзіны працаваў толькі 15 хвілінаў, то толькі іх і аплацяць.

«Ёсць сталы стымул працаваць больш»

Максім прызнаецца, што фізічнай працы не баіцца, але маральна часам было цяжка.

– Былі брыгадзіры, якія, можна сказаць, спрабавалі маральна заціснуць. Але я буйны мужчына, таму такога на сабе не адчуў – яны шукалі тых, хто слабейшы.

У Польшчы ўсе дарожныя кампаніі выключна прыватныя, таму атмасфера ў калектыве і арганізацыя працы шмат у чым залежыць ад уладальніка. У маёй кампаніі ён быў, мякка кажучы, спецыфічны. Ягоныя паводзіны залежалі ад настрою. Напрыклад, калі ўладальніку прыходзіла ў галаву ідэя, што ўсе павінны добра папрацаваць, а галоўнае зарабіць – у нас і праўда была праца. Але потым у яго знікаў настрой. Аднак маё кадравае агенцтва ў такіх сітуацыях заўсёды ўставала на маю абарону. Калі не ставала гадзінаў, каб у выніку атрымаць добры заробак, то ён дамаўляўся з кіраўніцтвам і развязваў праблему.

Думаю, шмат у чым камунальная гаспадарка ў Польшчы падобная да таго, што ў Беларусі. Але тут аплачваюць гадзіны. Так што ёсць сталы стымул працаваць больш, каб павялічыць свой прыбытак. Тут гэта сапраўды магчыма! У мяне былі калегі, якія прасілі брыгадзіра, каб застацца пасля змены яшчэ на некалькі гадзінаў і ў выніку больш зарабіць.

У гэтай кампаніі Максім працаваў паўгода і кажа, што не шкадуе пра той час.

– Вывучыў увесь Беласток, паглядзеў на яго з тых бакоў, з якіх простыя гараджане яго не бачаць. Ведаю цяпер, дзе скрыня стаіць у незаўважным месцы, а дзе знаходзяцца прыбіральні. Перыядычна, калі праязджаю па горадзе, сустракаю былых калег. Яны незаўважныя для навакольных, а для мяне гэта сігнал: «О, нашыя едуць. Значыць, гэтая вуліца сёння будзе чыстая».

Напісаць каментар 9

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках