27 лiпеня 2024, Субота, 3:54
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Мая вага – 38 кг»: беларуса давёў да знясілення шумны кандыцыянер суседзяў

84
«Мая вага – 38 кг»: беларуса давёў да знясілення шумны кандыцыянер суседзяў

Мянчук, як Дон Кіхот, напісаў сотні зваротаў ва ўсе інстанцыі.

Мянчук, як Дон Кіхот, упарта змагаецца — толькі не з ветракамі, а з суседскім кандыцыянерам. Паўтара гады піша скаргі, судзіцца. Кандыцыянер не дае нармальна спаць - чутны шум, вібрацыі па сцяне. Суседзі даказваюць, што кліматычную ўстаноўку размясцілі паводле ўсіх правіл, пераносіць яе не стануць. Tochka.by залезла ў абодва акопы суседскай вайны.

Сон у летнюю ноч

Гісторыя пачалася ўлетку 2022 года. Месца дзеяння - Менск, шматпавярховік на вуліцы Чыгуначнай.

У гэтым доме жыве і пакутуе Зміцер. Кандыцыянер, усталяваны на лоджыі сумежнай кватэры, не дае яму спаць: шуміць, па газасілікатных сценах ідзе вібрацыя. Мужчына на мяжы знясілення - ужо важыць 38 кг.

«Шумную» кватэру Зміцер здымае.

- Навошта гэтыя пакуты, можна ж пераехаць? - слушнае пытанне.

- Маё права, хачу тут жыць, - парыруе мужчына.

Як растлумачыў Зміцер, у яго ёсць дамоўленасць з уладальнікам кватэры на выкуп нерухомасці. Плануе тут жыць доўга, таму і змагаецца за акустычны камфорт.

Улетку кандыцыянер асабліва раздражняе, калі даводзіцца спаць з адчыненым акном, - мужчына паказвае відэа ў пацвярджэнне сваіх слоў.

Зміцер нядаўна зняў другую кватэру, каб выспацца, пакуль ідуць судовыя цяжбы.

А цяжбы яшчэ якія… За паўтара гады мянчук падаў больш за 200 зваротаў. Праўда, трэба аддаць належнае, суседзі не пераходзяць на асобы, а ветліва сустракаюцца ў судзе.

Чаго дамагаецца Зміцер? Хоча пераканаць суседзяў перанесці кандыцыянер далей, на іншае акно, а пасля спагнаць кампенсацыю за маральную шкоду.

Слова суседзям

Перайшлі на іншы бок лесвічнай пляцоўкі. Што гавораць суседзі?

«Пераносіць не будзем - у нас свежы рамонт. Ды і з якой нагоды? Месца ўсталёўкі мы ўзгаднілі - паводле дакументаў усё ў парадку. І нават кандэнсат адвялі - мала хто так робіць. У нашым доме дзясятак кандыцыянераў, і больш ніхто на шум не скардзіцца», - распавядае суседка.

Зміцер прапанаваў кампенсаваць выдаткі за свой кошт. Суседзі адмовіліся.

Жанчына парыруе, што Зміцер нямала даймае яе сям'ю. Піша заявы - участковы прыходзіць кожны тыдзень.

Працяг будзе

Суд Маскоўскага раёна адмовіў Змітру ў прэтэнзіі і да таго ж яшчэ абавязаў выплаціць адказчыцы 700 рублёў.

Пракурор горада Менска накіраваў пратэст. Пастанова суда скасаваная.

Галоўная прэтэнзія ў тым, што экспэрты замяралі шум днём, - некарэктны вынік. Трэба фіксаваць пасля 23:00 і на максімальных нагрузках кліматычнай усталёўкі.

Начная экспэртыза прызначаная на найбліжэйшы час. Гульня на знясіленне працягваецца. Хто каго — ці Зміцер канчаткова пераедзе, ці суседзі ў якасці жэсту добрай волі, а можа, і паводле пастановы суда перанясуць кандыцыянер на прымальную адлегласць.

Напісаць каментар 84

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках