The Times: Украінскія дроны падбілі ў моры два сучасныя расейскія караблі
3- 7.12.2023, 14:00
- 14,720

Афіцэр ГУР з сакрэтнай базы на Дняпры расказаў пра падрабязнасці аперацыі.
Прадстаўнік Галоўнай управы выведкі Мінабароны расказаў журналістам аб рабоце марскіх дронаў і аб тым, якую небяспеку яны нясуць для флоту акупантаў.
З вайскоўцам з пазыўным “Трынаццаты” размаўлялі журналісты The Times.
Яны наведалі сакрэтную вайсковую базу на Дняпры і пазнаёміліся з новымі мадыфікацыямі марскіх дронаў. Побач знаходзіцца склад, "напоўнены дастатковай колькасцю выбухоўкі, каб знішчыць увесь Чарнаморскі флот Расеі", - піша выданне.
“Трынаццаты” раскрыў журналістам падрабязнасці атакі марскіх дронаў на расейскія караблі каля Чарнаморска ў акупаваным Крыме, якая адбылася 10 лістапада. Паводле ягоных слоў, робаты зайшлі ў порт досвіткам. Расейцы ўбачылі іх і адкрылі агонь з кулямётаў, але не змаглі патрапіць. Тады яны сталі страляць са зброі вялікага калібру. Але гэта не перашкодзіла двум дронам пашкодзіць катары класа “Серна”. Трэці робат выбухнуў у доку.

“Радасць была неверагодная. Мэтай майго жыцця было патапіць расейскі карабель, і мы патапілі цэлых два. Наколькі я ведаю, гэтага яшчэ ніхто і нідзе не рабіў. Цяпер у нас новая мэта - патапіць нешта большае”, - распавёў “Трынаццаты”.
Украінскія надводныя дроны атакавалі расейскія караблі ў траўні, ліпені і верасні. Кожны раз, са слоў прадстаўніка ГУВ, удавалася пашкодзіць караблі, кошт будаўніцтва якіх і падрыхтоўка экіпажа для іх у тысячы разоў большая за кошт надводнага дрона.
“Мы пішам гісторыю. І нашыя заходнія партнёры вельмі зацікаўленыя ў такіх інструментах”, - кажа “Трынаццаты”.
Паводле яго слоў, напады марскіх дронаў прымусілі расейцаў перайсці ў Чорным моры ад наступальнага патрулявання да абаронных задач. Дзякуючы гэтаму, Украіна змагла пракласці гандлёвы шлях праз Басфор уздоўж берагоў Румыніі і Балгарыі.
Журналісты The Times убачылі на базе дроны Magura V5. Кожны з іх абсталяваны двума камерамі, інфрачырвонай оптыкай, спадарожнікавым прымачом і рухавіком магутнасцю 300 л.с., што дазваляе дрону рухацца з хуткасцю 45 марскіх міль/гадзіна. У насавой частцы Magura V5 размешчана 250-кілаграмовая боегалоўка.


