18 красавiка 2024, Чацвер, 14:59
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

70-гадовага пробашча касцёла ў Валожыне не выпусцілі з ізалятара пасля затрымання

8
70-гадовага пробашча касцёла ў Валожыне не выпусцілі з ізалятара пасля затрымання

Яго могуць вінаваціць у «дзяржаўнай здрадзе».

70-гадовага пробашча касцёла святога Юзафа ў Валожыне Генрыха Акалатовіча, якога затрымалі амаль тры тыдні таму, пакінулі пад вартай, паведамляе сайт katolik.life.

Пра затрыманне ксяндза Генрыха Акалатовіча, пробашча касцёла святога Юзафа ў Валожыне, стала вядома 20 дзён таму. За гэты час яму мусілі або выставіць абвінавачанне ў крымінальным злачынстве, або выпусціць на волю.

Як піша партал са спасылкай на свае крыніцы, святару абрана мера стрымання ў выглядзе ўзяцця пад варту, і ён застаецца за кратамі - гэта азначае, што яму выставілі абвінавачанне.

Раней “Хрысціянская візія” паведамляла, што Генрыха Акалатовіча затрымалі ў межах крымінальнай справы паводле ч. 1 арт. 356 КК (Здрада дзяржаве). Санкцыя паводле гэтага артыкула прадугледжвае ад сямі да пятнаццаці гадоў пазбаўлення волі.

Што менавіта ставіцца ў віну настаяцелю, застаецца невядомым. Ніякай афіцыйнай інфармацыі аб справе Акалатовіча дагэтуль няма, дзяржаўныя органы таксама пакуль нічога не паведамілі аб тым, у чым абвінавачваюць святара.

“Хрысціянская візія” адзначае, што Акалатовічу пад 70 гадоў, ён перанёс інфаркт, і нядаўна яму была зробленая аперацыя на страўніку ў сувязі з анкалагічным захворваннем, ён мае патрэбу ў медыцынскім назіранні і пастаянным прыёме лекаў.

Са звестак katolik.life, у ізалятары для яго адмаўляліся прымаць цёплыя рэчы і прадукты. У першыя дні пасля затрымання святару ўдалося перадаць толькі прадметы гігіены, бялізну і лекі.

Генрых Акалатовіч яшчэ ў савецкія часы дапамагаў адраджаць каталіцкую царкву ў рэгіёнах. Неаднаразова станавіўся героем публікацый і сюжэтаў дзяржаўнай прэсы, у адным з матэрыялаў падкрэслівалася, што ксёндз размаўляе па-беларуску не толькі ў парафіі, але і дома.

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках