Украінскія партызаны завербавалі расейскіх вайскоўцаў у Курску
1- 7.12.2023, 16:01
- 5,350

Яны дапамаглі з выведкай і паабяцалі «дзейнічаць цікавей».
Агенты партызанскага руху «АТЭШ» сустрэліся з вайскоўцамі адной з воінскіх часцей горада Курск і запрасілі іх да супрацоўніцтва.
Пра гэта гаворыцца ў допісе руху ў Telegram.
Партызаны адзначаюць, што ў вайсковай часці № 11262, адкуль завербавалі курскіх вайскоўцаў, ёсць «тыя, хто апынуўся ў ёй зусім сілком».



Адзначаецца, што расейскія салдаты «ва ўсю сабатуюць выезд ва Украіну», каб не ваяваць у злачыннай вайне, развязанай Расеяй.
Прадстаўнікі руху «АТЭШ» заявілі, што завербаваныя расейцы дапамагаюць з выведкай ваенных аб'ектаў на тэрыторыі воінскай часці, а пасля гэтага «абяцаюць ужо пачаць дзейнічаць цікавей».
Адзначаецца, што рух «АТЭШ» усё мацней папулярызуецца сярод вайскоўцаў Расеі.
Паводле словаў партызанаў, частка расейскіх салдатаў ужо стамілася ад вайны і лжывай прапаганды Крамля, таму павелічэнне колькасці ўдзельнікаў руху актывісты называюць «заканамернай з'явай».
Расейцы на ВОТ спрабуюць знішчыць падполле на фоне моцных праўкраінскіх настрояў – ЦНС
«Атэш» – гэта ваенны партызанскі рух на часова акупаваных тэрыторыях Украіны, а таксама на тэрыторыі Расеі, створаны ўкраінцамі і крымскімі татарамі ў верасні 2022 года пасля пачатку поўнамаштабнага расейскага ўварвання ва Украіну.
Самі прадстаўнікі руху заявілі, што «мабілізаваліся ў расейскае войска і будуць разбураць яго знутры», сярод іншага партызаны «зліваюць» звесткі пазіцый, складоў, салдатаў і тэхнікі ворага, а таксама ладзяць дыверсіі на складах і штабах.