«Заробак даўно не апускаўся ніжэй за $2,5 тысячы за месяц»
9- 7.12.2023, 16:30
- 6,190
Колькі зарабляе і што можа сабе дазволіць сям'я беларускіх музыкаў у Польшчы.
Мікіта і Яўгенія (імёны змененыя на просьбу суразмоўцаў) жывуць у Польшчы крыху больш за два гады. Абое музыкі: Мікіта – гітарыст, ён працуе ў музычнай школе і дае прыватныя ўрокі, а Яўгенія – піяністка, піша аркестравыя аранжыроўкі на замову. Прыбытак дзяўчыны не сталы, таму сям'ю ўтрымлівае мужчына. Ён расказаў MOST пра заробак і выдаткі сям'і музыкаў у Польшчы.
Мікіта прызнаецца, што ягоны заробак даўно не апускаўся ніжэй за 10 тыс. злотых на месяц, а як правіла, сур'ёзна пераўзыходзіць гэтую суму. Але ад месяца да месяца прыбытак вар'іруецца: апроч працы ў школе мужчына вядзе прыватную практыку. Цяперашні ўзровень прыбытку ён называе камфортным, але выйшаў на яго беларус не адразу.
– За тыдзень я праводжу ў сярэднім 50 урокаў. З іх палова – прыватныя. Прыбытак дазваляе адкладаць – гэта пры тым, што вялікую суму з'ядаюць падаткі, – дзеліцца Мікіта.
Паводле словаў маладога чалавека, мінімум, які патрэбны сям'і для камфортнага жыцця, – 9 тыс. злотых.
Жыллё
Мікіта працуе ў Варшаве, але жыллё сям'я здымае ў прыгарадзе. На двухпакаёвую кватэру звычайна ідзе да 2600 злотых – гэта ўжо з улікам камунальных плацяжоў.
– Першапачаткова мы хацелі ў Варшаву, але трапіўся выдатны варыянт у прыгарадзе, яшчэ і гаспадары былі не супраць дамашніх жывёлаў – у нас кот і котка. Цяпер знайсці падобнае жыллё побач з Варшавай танней за 3 тыс. злотых складана. Нам вельмі пашанцавала, – расказвае Мікіта.
Дамашнія жывёлы
На корм і напаўняльнік для кацінага латка сям'я выдаткоўвае ў сярэднім 300 злотых. За месяц стандартна сыходзяць два паўтаракілаграмовыя пачкі корму, кожны коштам крыху менш за 100 злотых. Рэшта – на напаўняльнік і каціныя цацкі.
Транспарт
З самай раніцы і да гадзіны ночы з Варшавы і назад ходзяць электрычкі. Кошт праязнога Мікіты на дзве зоны (стрэфы) – 180 злотых.
– Жонка ездзіць у Варшаву радзей, таму неабходнасць праязнога для яе пакуль што пад пытаннем. Калі яна едзе на справы ці мы выбіраемся некуды разам, набываем квіткі. У сярэднім гэта яшчэ 120 злотых за месяц.
Таксама сям'я карыстаецца таксі, на яго ідзе яшчэ блізу 200 злотых.
Сілкаванне і бытавая хімія
На прадукты і хімію для дома сям'я выдаткоўвае блізу 1800 злотых – прыкладна 450 на тыдзень. А з улікам абедаў у горадзе ў перапынках паміж працай гэтая сума можа дасягаць 2000–2200 злотых.
Догляд і сродкі гігіены
На догляд і сродкі гігіены сям'я выдаткоўвае 200 злотых. Сюды ўваходзяць шампунь, зубная паста, шчоткі, дэзадаранты, сухі шампунь і іншае.
Касметыка і б'юці-працэдуры Яўгеніі абыходзяцца на 1000 злотых.
Сувязь і платныя падпіскі
На сотавую сувязь на дваіх сям'я аддае 70 злотых, яшчэ 60 сыходзіць на хатні інтэрнэт. 170 каштуюць падпіскі на сэрвісы і праграмы: Spotify, iCloud, Youtube Premium і іншыя.
Прафесійныя выдаткі
Кожны месяц Мікіта набывае медыятары, струны і іншыя выдаткоўныя матэрыялы для музычнай дзейнасці. На гэта ідзе блізу 300 злотых. Бывае, патрабуецца абслугоўванне нейкага інструмента ў майстра, тады гэтая сума вырастае ў 2,5–3 разу, але, паводле словаў Мікіты, адбываецца гэта нячаста.
Апроч гэтага малады чалавек плаціць за арэнду студыі для рэпетыцый сваёй музычнай групы. На яе ідзе 400 злотых на месяц.
Забавы і адпачынак
Раз на тыдзень сям'я выбіраецца ў горад на шпацыр і адпачынак. Звычайна гэта кавярня, а потым нейкі з рэстаранаў або бар. У сярэднім на гэта за раз сыходзіць 150 злотых, ці блізу 600 злотых на месяц.
Фінансавыя абавязальніцтвы
У сям'і аформленыя дзве растэрміноўкі – на кампутар і адну з гітараў Мікіты. На гэта сумарна ідзе крыху менш за 800 злотых на месяц.
Разам
▪ Жыллё – 2600 злотых;
▪ Дамашнія жывёлы – 300 злотых;
▪ Транспарт – 500 злотых;
▪ Харчаванне, бытавая хімія – 2000–2200 злотых;
▪ Прыгажосць і догляд – 1200 злотых;
▪ Сувязь і падпіскі – 300 злотых;
▪ Прафесійная выдаткі – 700 злотых;
▪ Забавы і адпачынак – 600 злотых;
▪ Выплата растэрміновак – 800 злотых.