10 кастрычнiка 2024, Чацвер, 23:01
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

32 гады таму быў скасаваны СССР

23
32 гады таму быў скасаваны СССР

8 снежня 1991 года ў рэзідэнцыі «Віскулі» былі падпісаныя Белавежскія пагадненні.

Белавежскае пагадненне паклала канец гісторыі Саюза Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік. Аб спыненні яго існавання абвясцілі лідары тых савецкіх рэспублік, якія ў 1922 годзе яго і заснавалі. Ад Беларусі пагадненне падпісалі старшыня Вярхоўнага Савету Станіслаў Шушкевіч і прэм'ер-міністр Вячаслаў Кебіч.

21 снежня, у Алматы кіраўнікі 11 былых саюзных рэспублік (акрамя балтыйскіх краін і Грузіі) падпісалі пратакол, у якім падкрэслілі, што Азербайджанская Рэспубліка, Рэспубліка Арменія, Рэспубліка Беларусь, Рэспубліка Казахстан, Кіргізская Рэспубліка, Рэспубліка Малдова, Расейская Федэрацыя, Рэспубліка Таджыкістан, Туркменістан , Рэспубліка Узбекістан і Украіна на раўнапраўных пачатках утвараюць Садружнасць Незалежных Дзяржаў.

Удзельнікі сустрэчы прынялі дэкларацыю, якая пацвердзіла прыхільнасць былых саюзных рэспублік супрацоўніцтву ў розных галінах замежнай і ўнутранай палітыкі, абвясціла гарантыі выканання міжнародных абавязанняў былога СССР.

У снежні 1993 года да СНД далучылася Грузія, якая пакінула яго ў 2009 годзе пасля ўзброенага канфлікту з Расеяй.

Лукашэнка неаднаразова выказваў шкадаванне праз падпісанне Белавежскіх пагадненняў і крытыкаваў кіраўнікоў Беларусі, Украіны і Расеі, якія паставілі свае подпісы пад гістарычным дакументам. Месцазнаходжанне арыгінала невядомае.

«Апошні раз я бачыў арыгінал Белавежскага пагаднення, калі яго падпісваў, - распавядаў раней першы кіраўнік незалежнай Беларусі Станіслаў Шушкевіч. - Больш я яго не бачыў. Ведаю, што на расейскай мове была факсімільная копія, гэта значыць ксеракопія, якую потым прагортваў у дакументах. Але я зыходжу з таго, што на момант падпісання Белавежскага пагаднення яго дэпазітарыем, захавальнікам, выступаў МЗС Беларусі. Але пытанне - хто і чаму паводзіў сябе бязладна? - у мяне пакуль без адказу...»

Паколькі Пагадненне аб стварэнні СНД было апублікаванае ў афіцыйных выданнях, зарэгістравана пасля яго ратыфікацыі ў парламенце ва ўстаноўленым парадку, яно і сёння, нягледзячы на адсутнасць сапраўднага тэксту ў дэпазітарыя, не страціла юрыдычнай сілы з усімі прававымі наступствамі, якія адсюль вынікаюць.

Напісаць каментар 23

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках