27 лiпеня 2024, Субота, 2:30
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Рэжым дэградуе паскоранымі тэмпамі»

5
«Рэжым дэградуе паскоранымі тэмпамі»

Беларус выказаўся аб тым, што адбываецца ў навучальных установах.

У рэдакцыю сайта Charter97.org напісаў чытач Іван з Салігорску:

- Сёлета пачала з'яўляцца інфармацыя, што лукашысты ладзяць выязныя судовыя пасяджэнні ў навучальных установах. Я з гэтай нагоды адразу прыгадаў сваё савецкае школьнае дзяцінства.

У сярэдзіне 80-х, калі я вучыўся ў старэйшых класах сярэдняй школы №5, аднойчы ўсіх вучняў не адпусцілі пасля заняткаў дадому, а завялі ў актавую залу, дзе павінен быў адбыцца суд. Гэта быў сапраўдны суд: на сцэне сядзела суддзя, побач былі абвінаваўца, адвакат і падсудная дзяўчына гадоў 15. У чым яе абвінавачвалі, ужо дакладна не памятаю. Здаецца, яна стаяла на ўліку ў інспекцыі па справах непаўналетніх і нешта скрала ў краме.

На нас, школьнікаў, той працэс зрабіў вялікае ўражанне, але найперш тым, што першае пасяджэнне доўжылася толькі некалькі хвілін. Суддзя спачатку спытала ў падсуднай, ці прачытала яна ўсе матэрыялы справы. Тая прамармытала, што не, і суддзя абвясціла, што судовае пасяджэнне пераносіцца. Усе павінны былі разысціся, каб паўторна сабрацца ў той жа зале праз тры тыдні. Тады ўжо ўсе фармальнасці былі выкананыя, і быў вынесены прысуд.

Нават тады, за савецкім часам, калі камуністычная дыктатура была замацаваная ў Канстытуцыі, звярталі ўвагу на нейкія працэсуальныя дэталі. А што ж зараз? Чытаю чарговую навіну: у Добрушскім раёне падчас сходу бацькоў, вучняў і настаўнікаў міліцыянты паказальна арыштавалі навучэнца 11-га класа, надзеўшы на таго кайданкі.

Відаць, прадстаўнікі рэжыму падумалі, што дарослых ужо дастаткова запалохалі і час ужо ўзяцца за падлеткаў.

Калі лукашысцкі рэжым будзе далей дэградаваць такімі тэмпамі, нават страшна ўявіць, да якога дна ён можа апусціцца. Яшчэ хіба што малыя дзеці не «аблашчаныя ўвагай» карных органаў, хоць тут шырокая прастора для «творчасці». Разбіў гарэза ў дзяржаўнай дашкольнай установе талерку - шкоднік, праспяваў куплет з «Трох чарапах» - наогул экстрэміст! Чакаем першага судовага працэсу ў дзіцячым садку!

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках