Цікавасць да расейскай мовы ўпала ва ўсім свеце
21- 8.12.2023, 19:12
- 6,104
Цяпер больш людзей вывучаюць украінскую.
У 2023 годзе праз вайну ва Украіне знізілася цікавасць да расейскай мовы ва ўсім свеце. Цяпер больш людзей вывучаюць украінскую. DW
Duolingo – самая папулярная ў свеце бясплатная мабільная праграма, якая спецыялізуецца на адукацыйных курсах, у тым ліку вывучэнні замежных моваў. Штогадовая справаздача Duolingo грунтуецца на звестках мільёнаў карыстальнікаў гэтай праграмай па ўсім свеце і дае ўнікальную інфармацыю, якія мовы найбольш папулярныя і як мяняецца цікавасць да іх ва ўсім свеце.
Справаздача Duolingo Language Report 2023 заснаваная на звестках карыстальнікаў, якія вывучалі мовы праз праграму Duolingo з 1 кастрычніка 2022 года да 30 верасня 2023 года. У яе не ўвайшлі звесткі пра навучэнцаў ва ўзросце да 13 гадоў.
Ангельская мова лідарка ў рэйтынгу
Нядзіўна, што ангельская застаецца самай папулярнай замежнай мовай у свеце. І сёлета яна заняла першае месца ў 122 краінах свету. Рэйтынг самых вывучаных моваў у свеце выглядае так: за лідаркай рэйтынгу – ангельскай – ідуць гішпанская, французская, нямецкая, японская, карэйская, італьянская, хіндзі, кітайская і партугальская мовы.
Сёлета ў яго ўпершыню ўвайшлі Афганістан, Мальдывы і Мальта. У многіх частках свету ангельская мова мае важнае значэнне для эканамічнага і акадэмічнага абмену інфармацыяй. Асабліва вялікая цікавасць да ангельскай сярод вучняў у Азіі.
Партугальская выцесніла расейскую мову з лідараў
З моманту запуску першага курсу расейскай мовы на Duolingo у 2015 годзе расейская мова рэгулярна ўваходзіла ў топ-10. Аднак сёлета яе выцесніла на 11 месца партугальская мова.
Гэты факт, на думку экспертаў, адлюстроўвае дзве важныя культурныя змены: зніжэнне цікавасці да расейскай мовы праз вайну ва Украіне і ўзрослы інтарэс да Бразіліі і Партугаліі, асабліва сярод турыстаў.
Партугальская мова таксама папулярная сярод суседзяў Бразіліі: яна займае другое месца сярод замежных моваў у Балівіі, Парагваі, Уругваі і Венесуэле. У Парагваі і Уругваі цікавасць да вывучэння партугальскай мовы самая вялікая ў свеце: там гэтую мову вывучае прыкладна кожны пяты чалавек.
Цікавасць да вывучэння ўкраінскай мовы
Вайна ва Украіне ўплывае на рост цікавасці да ўкраінскай мовы. 37 адсоткаў людзей ва ўсім свеце бачаць у вывучэнні ўкраінскай магчымасць выявіць салідарнасць з украінцамі і наладзіць зносіны з імі (паводле інфармацыі ў блогу Duolingo).
У 2023 годзе краінамі, у якіх найбольш вывучаюць украінскую мову, былі ЗША, Вялікая Брытанія, Польшча, Расея і сама Украіна. Аўстралійцы вывучаюць украінскую мову найбольш паслядоўна, за імі ідуць Канада і Фінляндыя.