15 кастрычнiка 2024, aўторак, 3:49
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Чаму беларусы пабеглі ў абменнікі па валюту?

10
Чаму беларусы пабеглі ў абменнікі па валюту?

У лістападзе набылі яе амаль на 1 млрд даляраў.

Беларусы сталі актыўна набываць замежную валюту. У лістападзе набылі яе амаль на 1 млрд даляраў. З чым гэта можа быць звязана – «Люстэрка» спытала ў чытачоў і эканамісткі.

«Высокія рызыкі, каб жыць паводле прынцыпу "спажывай і зарабляй"»

Яўген (усе імёны чытачоў змененыя) выкарыстоўвае даляры для ашчаджэнняў і фармавання падушкі бяспекі. Кажа, ягоная праца і заробак дазваляюць сёе-тое адкладаць.

– Трымаю ў розуме магчымую эміграцыю і не збіраюся рабіць якіх-небудзь сур'ёзных укладанняў або набыткаў на тэрыторыі Беларусі, – напісаў Яўген. – Чаму даляр ЗША? Тут я для сябе абазначыў два чыннікі. Першы – эканамічны. Расейскі і беларускі рубель не разглядаю зусім праз іх высокую валацільнасць. Плюс палітыка краінаў сур'ёзна абмежавала іх ужыванне за межамі сваіх тэрыторый.

Да таго ж, кажа Яўген, даляр сёння можна абмяняць паводле рэальнага курсу амаль у любой краіне свету. Ён прызнаецца, што не верыць у крах даляра: «Занадта высокія рызыкі для свету ў цэлым».

– Другі чыннік – палітычны. Беларусь на гэты момант – гэта краіна, на якую накладзеныя адны з самых сур'ёзных санкцый. З улікам таго, што краіна з'яўляецца ўдзельніцай агрэсіі супраць Украіны, можна смела казаць, што санкцыйны ціск будзе толькі павялічвацца, – прадаўжае мужчына. – Наступны момант – гэта страта суверэнітэту. Фактычнае кіраўніцтва краіны дакументальна дэкларуе паўнату ўлады. Але паводле факту ўжо страціла дзве найважнейшыя прыкметы суверэнітэту суб'екта. Па-першае, манаполію на ўжыванне гвалту, гэта значыць не кантралюе сілавы блок. Другое – збор падаткаў. Уніфікацыя падаткаабкладання з Расеяй плюс магчымасць стварэння наднацыянальных падатковых органаў.

– Ва ўгоду захавання ўлады і, як вынік, татальнага кантролю над грамадствам нам не даюць развівацца і станавіцца мацнейшымі, – прадаўжае ён. – Гэта высокія рызыкі, каб жыць паводле прынцыпу «спажывай і зарабляй». Неабходна адкладаць, каб была падушка бяспекі. Таму для мяне сёння найлепшае ўкладанне – гэта даляры пад матрац.

Віталь прызнаецца, што магчымасцяў нешта адкласці ў ягонай сям'і не так шмат — прыбыткі часцей за ўсё практычна супадаюць з выдаткамі. Але ашчаджэнні ён звычайна захоўвае ў замежнай валюце.

– Цяпер гэта ўжо проста звычка. Досвед паказаў, што рублі ў любы момант можаш страціць – яны абясцэньваюцца імгненна ў выпадку нейкіх крызісаў. З далярамі такога няма, – тлумачыць ён.

Паводле ягоных словаў, ён нават не моцна сочыць за курсамі, проста набывае валюту, калі ёсць такая магчымасць. А потым, калі патрэбныя дадатковыя грошы, мяняе яе назад і выдаткоўвае.

Так было і на гэты раз. Кажа, усё, што збярог, абмяняў на даляры. Але да навагодніх святаў, хутчэй за ўсё, частку гэтых грошай зноў абмяняюць на рублі для буйных набыткаў.

Эканамістка: Прыбыткі растуць, а курс даляра зніжаецца

Насельніцтва другі месяц запар выступае чыстым пакупніком замежнай валюты. На такія паводзіны на валютным рынку могуць уплываць некалькі чыннікаў. Адзін з іх, паводле словаў старшай навуковай супрацоўніцы даследчага цэнтра BEROC Настассі Лузгіной, гэта зніжэнне курсу даляра да беларускага рубля.

– На фоне гэтага зніжэння беларусы, якія думалі, набываць валюту ці не, маглі пастанавіць зняць момант – і пачалі актыўна яе набываць. Прычым купля павялічылася менавіта ў форме не гатоўкай – гэта праца з рахункамі, калі можна хутка гэта зрабіць анлайн.

Другі чыннік, які мог паўплываць на рост попыту на замежную валюту, гэта восеньскае паскарэнне росту коштаў і чаканне далейшага павелічэння інфляцыі, зазначае эканамістка.

– Плюс, як мы бачылі, людзі ў лістападзе сталі менш прадаваць замежную валюту. Тут магло згуляць ролю зніжэнне актыўнасці тых жа расейцаў, якія прыязджаюць у Беларусь па набыткі. Цалкам магчыма, што лістапад у гэтым плане быў глухім сезонам, што таксама паўплывала на скарачэнне продажу валюты.

Чацвёрты чыннік, на які экспертка зважае, гэта актыўны рост прыбыткаў насельніцтва. Так, сярэдні заробак у кастрычніку ў рэальным выразе вырас амаль на 16%. Значыць, у людзей у сярэднім з'яўляецца больш магчымасцяў, каб адкладаць. А замежная валюта часта разглядаецца як элемент ашчаджэння.

У цэлым сітуацыя на валютным рынку адлюстроўвае настроі і чаканні людзей.

– Нацыянальны банк у апошнія 5–7 гадоў актыўна ўзяўся за дэдалярызацыю, спрабуе паўплываць на настроі насельніцтва з нагоды набыцця валюты. Але, як мы бачым, пры найменшай змене сітуацыі, пры найменшых рызыках, у тым ліку інфляцыйных, насельніцтва ўсё роўна звяртаецца да набыцця замежнай валюты як больш надзейнага сродку ашчаджэння, – вынікуе аналітык.

Напісаць каментар 10

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках