Баі за Аўдзееўку: Расейцы загразлі ў «адстойніках»
- 9.12.2023, 12:08
- 10,260
Сімвалічна.
Расейскія акупанты 8 снежня вялі наступальныя аперацыі паблізу Аўдзееўкі і захапілі ачышчальныя збудаванні горада. Пра гэта гаворыцца ў свежай справаздачы Інстытута вывучэння вайны (ISW).
Аналітыкі ISW адзначаюць, што геалакацыйныя кадры, апублікаваныя 8 снежня, паказваюць, што расейскія войскі прасунуліся да ачышчальных збудаванняў на поўдзень ад Краснагораўкі (5 км на паўночны захад ад Аўдзееўкі).
Таксама ISW паведамляе са спасылкай на расейскія крыніцы, што 7 і 8 снежня расейскія войскі прасунуліся ў кірунку Новакалінава (13 км на паўночны ўсход ад Аўдзееўкі), да наваколляў Аўдзееўскага коксахімічнага завода на паўночны захад ад Аўдзееўкі і ў прамысловай зоне на поўдзень ад горада.
Расейскія вайсковыя блогеры заявілі 8 снежня, што расейскія войскі ўмацоўваюць пазіцыі ў Стэпавым і зачышчаюць населены пункт. Іншы расейскі вайсковы блогер сцвярджаў, што акупанты ўтрымліваюць пазіцыі на ўсходняй ускраіне Стэпавага.
Генштаб Украіны паведаміў, што расейскія войскі беспаспяхова атакавалі на ўсход ад Новабахмутаўкі (9 км на паўночны захад ад Аўдзееўкі); на поўдзень ад Тоненькага (5 км на захад ад Аўдзееўкі); паблізу Стэпавага, Аўдзееўкі і Первамайскага (10 км на паўднёвы захад ад Аўдзееўкі).
Расейская крыніца сцвярджае, што складаныя ўмовы надвор'я запаволілі тэмпы расейскіх і ўкраінскіх аперацый пад Аўдзееўкай.
Спікер Сілаў абароны Таўрыцкага кірунку Аляксандр Штупун заявіў, што на Аўдзееўскім кірунку ваююць больш як 40 тыс. расейскіх войскаў. Пры гэтым перадыслакуюць рэзервы падраздзяленняў «Шторм-Z» і мабілізаваны асабовы склад, якому не стае падрыхтоўкі і харчавання.