27 лiпеня 2024, Субота, 3:36
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Адгукнуўся на вакансію – а там такі прыкол»

16
«Адгукнуўся на вакансію – а там такі прыкол»

Беларускі айцішнік расказаў пра кампанію, якая хоча ведаць пра кандыдата ўсё, а потым яшчэ і сочыць.

Беларускі айцішнік адгукнуўся на вакансію, якая прапануе дыстанцыйную працу з Менска, а кампанія скінула яму спасылку на вялікі апытальнік.

Ён паспрабаваў запоўніць, не адолеў і надумаў падзяліцца з dev.by.

– Думаю, кампанія Rapidseedbox заслугоўвае невялікай публікацыі, – напісаў айцішнік. – Хлопцы ў водгуку на вакансію просяць не толькі скінуць лінк на рэзюмэ і LinkedIn-профіль, але таксама прайсці псіхалагічныя тэсты, запісаць пра сябе відэа, расказаць пра папярэднюю працу і заробак, а таксама даць кантакты свайго кіраўніка і калег. На першы погляд, выглядае максімальна непаважліва да спашукальніка.

Rapidseedbox – прадуктовая кампанія, пра паходжанне якой цяжка меркаваць. Мяркуючы з профілю ў LinkedIn, штаб-кватэра знаходзіцца на Сейшэльскіх выспах, колькасць супрацоўнікаў – 11–50. Пры гэтым кампанія хайрыць у расейскіх гарадах і ў Менску, шукае інжынераў Linux, дызайнераў, мэнэджараў у развіцці бізнэсу.

Зазірнулі ў гугл-форму праз спасылку і ўбачылі доўгі пералік пытанняў, ад персанальных хвестак і жаданага заробку да «вашых трох суперздольнасцяў» і «дзе вы сябе бачыце праз 2-3 гады».

Практычна на старце працадаўца папярэджвае, што выкарыстоўвае тайм-трэкінг ад Hubstaff і пытаецца, ці гэта добра. Перад тым як даць адказ, варта трошкі пагугліць. Калі верыць распрацоўніку, ПА дазваляе не толькі адсочваць, з якімі сайтамі і праграмамі працуе супрацоўнік, але і перыядычна рабіць здымкі экрана.

Калі гэта ОК, прайдзіце, калі ласка, два псіхалагічныя тэсты. І дашліце скрыншоты вынікаў.

А яшчэ запішыце сэлф-відэа пра свае моцныя і слабыя бакі.

Але зламаўся праграміст нават не на відэа, а на блоку пытанняў пра папярэдніх працадаўцаў. Кампанія хоча ведаць усё: як клікалі мэнэджара, пачатковы і цяперашні заробак, чаму звольніліся і да т. п.

– Пытанні і псіхалагічныя тэсты мяне стамілі, – кажа айцішнік. – А калі пайшлі пытанні пра заробак, калегаў і іншае, я пастанавіў, што адказваць не мае сэнсу.

Пры гэтым ён адзначае, што ў самой вакансіі нішто не прадказвала такога павароту:

– Вонкава ўсё выглядае нядрэнна, – тлумачыць чытач сваю цікавасць да вакансіі. – Стэк мне падышоў, і кампанія даўно на рынку: напісана, што з 2008 года. Звычайна ў такіх кампаніях добра адладжаныя працэсы і там даволі прыемна працаваць. Адгукнуўся, а тут такі прыкол.

Можа, гіперпатрабаванні наймальніка – яшчэ адзін сімптом крызісу на рынку? Айцішнік так не думае.

– Хутчэй, гэта кейс пра пэўную кампанію, а не пра сітуацыю на рынку. Я меў зносіны з многімі, але ні ў адной такога не бачыў. У той самай «Лесты» ёсць свае дзівацтвы, але зносіны з імі заўсёды паважлівыя і адэкватныя.

Напісаць каментар 16

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках