27 лiпеня 2024, Субота, 3:49
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«У асноўным даводзіцца тварыць пасля 10 вечару, калі хатнія ўкладваюцца»

2
«У асноўным даводзіцца тварыць пасля 10 вечару, калі хатнія ўкладваюцца»

Беларуска стварае ўнікальныя лялькі, якія набываюць у Амерыцы і Кувейце.

У Вілейцы адкрылася выстава аўтарскіх лялек ручной працы «Шчасце ў кішэні» Кацярыны Камельчык. Працы мастачкі з Маладзечна можна будзе ўбачыць да 14 студзеня.

У інтэрв'ю Kraj.by маладзечанка расказала, як лялькаробства з'явілася ў яе жыцці і чаму ў яе лялек так шмат прыхільнікаў па ўсім свеце.

Кацярына Камельчык – выкладніца гімназіі-каледжа мастацтваў у Маладзечне. Нягледзячы на тое, што на рахунку мастачкі-педагога ўжо 5 персанальных выставак, у Вілейцы яна паказвае свае працы ўпершыню. Цікава, што менавіта творчасць калегі, нараджэнкі Вілейкі, натхніла Кацярыну заняцца лялькаробствам.

Ганна Балаш – вядомая ў колах мастакоў лялечніца – цяпер працуе ў Менску, але нарадзілася ў Вілейцы. Калі я зусім выпадкова ўбачыла ў нейкім чужым доме яе ляльку, менавіта тады ў мяне ўпершыню з'явілася цікавасць да лялькаробства, – падзялілася Кацярына Камельчык.

Сваю першую ляльку Кацярына стварыла больш за 10 гадоў таму.

– Першыя спробы менавіта тэхнікі лепкі твару, ручак былі, напэўна, у 2006–2007 гадах. А ўжо тое, што можна было ўжо назваць лялькай, з'явілася ў 2008 годзе, – успамінае яна.

Сёння лялькі маладзечанкі захоўваюцца ў калекцыях па ўсім свеце. ЗША, Кувейт, Нямеччына, Польшча, Расея і, вядома, Беларусь – і гэта спіс краінаў, дзе жывуць прыхільнікі творчасці Кацярыны Камельчык. Дарэчы, паводле словаў мастачкі, на міжнародным рынку ўнікальная ручная праца шануецца на парадак вышэй, а замежнікі пры набыцці аўтарскай лялькі расстаюцца з грашыма лягчэй.

– Часцей за ўсё за мяжу працы трапляюць праз знаёмых. Яны пытаюцца, ці раблю я пад замову лялькі, а потым абмяркоўваецца тэматыка, альбо кліенты праз фатаграфіі заказваюць ужо пэўную ляльку. У Беларусі прадаю лялькі танней, чым за мяжу. Я разумею, калі буду ставіць тут вялікі кошт, то ў мяне менш шанцаў яе прадаць, – шчыра кажа Кацярына. – Але для мяне гэта не спосаб заробку. Гэты выраз маіх эмацыйных адчуванняў, унутранага свету.

Лялькаробства – гэта карпатлівая праца, якая патрабуе не толькі майстэрства, але цярпення, часу. Кожная лялька індывідуальная, у мастачкі няма ніякіх загадзя нарыхтаваных шаблонаў.

Каркас робіцца з дроту, на яго нарошчваецца аб'ём і толькі потым з паперклею ствараюцца ўсе цвёрдыя элементы – ручкі, ножкі, твар. На стварэнне лялькі ў Кацярыны часам ідзе цэлы месяц.

– Вядома, калі б была магчымасць тварыць, не ўстаючы з крэсла, можна было б і за тыдні два ўправіцца. Але ж даводзіцца чакаць, пакуль некаторыя пласты высахнуць, часу сыходзіць больш. У цэлым – да месяца.

На пытанне, як сярод мітусні працоўных будняў і сямейнага жыцця знайсці час на творчасць, Кацярына з усмешкай адказвае:

– У асноўным даводзіцца тварыць пасля 10 вечару, калі хатнія ўкладваюцца. Начамі коткі не спяць.

Убачыць працы Кацярыны Камельчык можна ў Вілейскай цэнтральнай раённай бібліятэцы імя Ганны Новік да 14 студзеня 2024 года.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках