Беларускім самалётам могуць забараніць прызямляцца ў аэрапортах Турцыі
8- 1.02.2023, 15:23
- 12,278

Захады закрануць таксама паветраны флот РФ, Ірана і прыватныя лайнеры бізнэсоўца Рамана Абрамовіча.
Найбуйнейшы ў Турцыі правайдэр паслуг наземнага абслугоўвання ў аэрапортах Havaş папярэдзіў аб рызыцы з абслугоўваннем імпартных самалётаў, якія знаходзяцца ў парках у авіякампаній з Расеі, Беларусі, Ірана і бізнэсоўца Рамана Абрамовіча. Пра гэта гаворыцца ў лісце кіраўніка Havaş Метэ Эрны, адпраўленым контрагентам 31 студзеня.
У РБК ёсць копія ліста, яго сапраўднасць пацвердзіла крыніца, блізкая да расейскіх авіяўладаў.
Havaş належыць вядучаму аператару турэцкіх аэрапортаў – кампаніі TAV Airports (працуе ў 90 аэрапортах у 29 краінах) – і абслугоўвае самалёты ў аэрапортах Стамбула, Анкары, Анталлі і інш.
У спісе самалётаў, прымацаваным да ліста Эрны, гаворыцца, што ў абслугоўванні можа быць адмоўлена пераважна самалётам амерыканскай вытворчасці Boeing, а таксама некалькім лайнерам еўрапейскай Airbus. Усяго ў спісе больш за 170 самалётаў расейскіх авіякампаній, сем беларускіх і чатыры іранскія.
Найбуйнейшы карыстальнік гэтых самалётаў «Аэрафлот», у пераліку таксама ёсць лайнеры грузавой авіякампаніі AirBridgeCargo, Azur Air, I Fly, Pegas Fly, «Перамогі», «Расеі», S7, Utair, «Уральскіх авіяліній», Red Wings, Nordwind і «Ямал», а таксама беларускай «Белавія» і іранскіх Iran Air і Mahan Airlines. У лісце Havas таксама згадваюцца бізнэс-джэты Boeing 787 Dreamliner і Gulfstream G650, паводле версіі кампаніі, якія належаць Раману Абрамовічу.
У спісе Havaş пералічаныя самалёты, якія трапілі пад абмежаванні Мінгандлю ЗША, уведзеныя яшчэ вясной 2022 года ў адказ на пачатак ваеннай спецаперацыі Расеі ва Украіне. Цяпер правайдэр вывучае юрыдычныя аспекты сітуацыі і просіць авіякампаніі падаць спісы самалётаў, у вытворчасці якіх выкарыстана не больш за 25% амерыканскіх дэталяў і тэхналогій, вынікае з ліста.
«Наданне паслуг па абслугоўванні самалётаў, якія накіроўваюцца ў Расею і Беларусь і сабраных больш чым на 25% з ужываннем тэхналогій амерыканскага паходжання, з'яўляецца парушэннем нормаў экспартнага рэгулявання (Export Administration Regulations, EAR) ЗША, калі такі самалёт эксплуатуецца авіякампаніяй, супраць якой выдадзены [у ЗША] загад аб часовай адмове ў абслугоўванні (Temporary Denial Orders, TDO)», - піша Эрна.