23 лютага 2024, Пятніца, 1:00
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Аляксандр Фрыдман: Лукашэнка ў Зімбабвэ - гэта позні Брэжнеў

37
Аляксандр Фрыдман: Лукашэнка ў Зімбабвэ - гэта позні Брэжнеў

Адбываецца «мугабізацыя» беларускага кіраўніка.

Ваяж Лукашэнкі ў ААЭ і Зімбабвэ - гэта турыстычная паездка ці могуць быць рэальныя вынікі?

Пра гэта сайт Charter97.org пагаварыў з доктарам філасофіі, выкладчыкам універсітэта імя Генрыха Гейнэ (Дзюсельдорф) і Саарландскага ўніверсітэта (Саарбрюкен) Аляксандрам Фрыдманам.

- Наконт таго, што Лукашэнка рабіў у Эміратах, не было ніякіх падрабязнасцяў. Мы ж не ведаем, з кім ён там сустракаўся напраўду. Таму пра Эміраты сказаць нешта складана.

Што да Зімбабвэ, то там быў падпісаны шэраг эканамічных дамоў, але Беларусь і Зімбабвэ не з'яўляюцца важнымі эканамічнымі партнёрамі. Таму я б не пераацэньваў значэнне падпісанага.

Што ж тычыцца ўсіх спекуляцый або версій, якія выказваліся, што там могуць быць нейкія нефармальныя дамоўленасці аб дыяментах і іншых выкапнях, то гэта магчыма. Тым больш, што ў зімбабвійскай прэсе перыядычна пішуць пра карупцыйны складнік кантактаў дзвюх краін. Пакуль нічога падобнага сказаць нельга, проста мы не маем інфармацыі. Неўзабаве яна можа з'явіцца.

Агулам, вядома, нейкага сур'ёзнага міжнароднага прарыву ці чагосьці такога не заўважылі. Мы можам назіраць толькі турыстычны, фальклорны, этнаграфічны складнік паездкі Лукашэнкі, які знаёміцца з жыццём у Зімбабвэ ды іншае.

- Улічваючы тое, як хутка ў афрыканскіх краінах можа мяняцца ўлада, наколькі могуць быць даўгавечныя ўгоды з такімі краінамі, як Зімбабвэ?

- З гэтым візітам ёсць адна цікавая дэталь. Лукашэнка паехаў у Зімбабвэ ў год выбараў. Усё ж яны праходзяць зусім інакш, чым у Беларусі. Той жа Мнангагва перамог на апошніх выбарах з вынікам 50,8%, а апазіцыя абвінавачвала яго ў маніпуляцыях, фальсіфікацыях ды іншае. Апазіцыйны кандыдат тады набраў блізу 40 адсоткаў.

Калі паглядзець на публікацыі зімбабвійскай прэсы, асабліва апазіцыйнай, то сённяшні прэзідэнт успрымаецца там вельмі неадназначна, яго перамога на будучых выбарах не з'яўляецца само сабой зразумелай. Магчыма, сёлета ў Зімбабвэ зменіцца ўлада, калі выбары пройдуць больш-менш празрыста.

Гэта тое, на што Лукашэнка і намякаў, што фактычна ўжо ледзь не ўдзельнічае ў выбарчай кампаніі сённяшняга прэзідэнта Зімбабвэ.

Такое часта бывала ў афрыканскіх краінах, калі партнёраў мянялі як пальчаткі ў залежнасці ад таго, хто прыходзіць да ўлады. Калі зімбабвійская апазіцыя, якая крытыкуе ўгоды з Лукашэнкам і асабліва падкрэслівае карупцыйны складнік, прыйдзе да ўлады, то гэта ўсё можа быць перагледжана. Думаю, што Лукашэнка спяшаецца ўкладаць гэтыя ўгоды зараз, не чакаючы выбараў, каб не марнаваць часу пачаць асваенне зімбабвійскіх рэсурсаў, калі там ёсць нейкія сур'ёзныя планы на гэты конт.

Тэарэтычна, у Афрыцы цалкам магчымая вельмі хуткая змена замежнапалітычнай арыентацыі, калі адбудуцца выбары і прыйдзе да ўлады іншы прэзідэнт. Можа быць, не глабальная, бо Зімбабвэ вельмі моцна арыентуецца на Кітай і ад сувязей з ім не могуць устрымацца. Лукашэнка не разглядаецца там такім ужо сур'ёзным партнёрам. Ён жа сам гэта падкрэсліваў у гісторыі з трактарамі, што і заходнія вытворцы, вытворцы ў афрыканскіх краінах, ды і кітайцы самі пры жаданні могуць замяніць Беларусь на зімбабвійскім рынку.

Тут можна яшчэ дадаць, што беларуская дзяржаўная прапаганда малюе гэтую ўсю сітуацыю як прарыў на афрыканскім кірунку. Ды і сам Лукашэнка падкрэсліваў, што яны казалі пра Зімбабвэ, але раптам у размове ўсплыў Мазамбік. Гэтая краіна вельмі цікавая ў плане рэсурсаў. Лукашэнка быў бы не супраць развіць і там стасункі. Але пакуль ніякім прарывам і не пахне, а яго ваяж у Афрыку абмяжоўваецца Зімбабвэ. Хоць Лукашэнка і казаў, што абмяркоўваў з прэзідэнтам Зімбабвэ мазамбікскія пытанні, але сур'ёзна гэта ўспрымаць не варта датуль, пакуль дзейныя асобы з Мазамбіка не прыехалі ў Беларусь.

- Зімбабвэ - гэта пэўны сімвал эканамічнай катастрофы. Калі Лукашэнка ляціць у такія краіны, чаму ён не думае пра PR-складнік ці ён ужо не выбірае, куды з'ездзіць?

- Гэта так, Зімбабвэ - краіна з вельмі дрэннай рэпутацыяй, на жаль, нават па мерках афрыканскага кантынента. Таму што карупцыя, дыктатарскія рэжымы, парушэнне правоў чалавека, эканамічныя праблемы ды іншае, для Афрыкі шмат у чым з'яўляецца тыповай з'явай. Але нават на фоне многіх іншых бедных краін, Зімбабвэ выглядае вельмі сумна. Гэта краіна доўгі час лічылася сімвалам краху, развалу і няздольнасці выбудаваць дзяржаву. Прынамсі, у апошнія гады кіравання Робэрта Мугабэ. Пасля таго, як Мугабэ быў адхілены ад улады, у перыяд, калі ва ўладзе знаходзіцца Мнангагва, сітуацыя там крыху палепшылася. Але палепшылася яна ў параўнанні са становішчам у 2017-2018 гадах. Гэта вельмі цікавая краіна ў плане рэсурсаў, канешне ж, гэта і цікавы патэнцыйны рынак, але нейкіх выдатных поспехаў у гэтай краіны, безумоўна, няма.

Таму Лукашэнка рады, бо еўрапейскія палітыкі, ды ўвогуле замежныя палітыкі, з'яўляюцца там вельмі рэдка, у краіны вельмі дрэнная рэпутацыя. Доўгі час Зімбабвэ нават з'яўлялася свайго кшталту пасмешышчам у сувязі з усякімі штукамі, якія выкідваў Робэрт Мугабэ.

Таму яны візіту Лукашэнкі вельмі радыя. Рады таму, што прыехаў чалавек з зусім іншай часткі свету, прыехаў палітык з Еўропы. Таму ў іх інтарэсах перабольшыць значэнне Лукашэнкі.

Лукашэнка ж ездзіць туды, куды запрашаюць. Магчымасцяў мала. Лётаць па кірунку Азербайджан-Расея яму надакучыла, а прыляцець у Афрыку і паказаць сябе, акунуцца ў пазітыўныя эмоцыі з боку мясцовага насельніцтва, яму было прыемна.

Тым больш, што рэальнасць у яго непрыемная. Найбліжэйшы час экзатычныя паездкі за мяжу яму відавочна не пагражаюць.

— Вы згадалі фокусы Мугабэ, якія зрабілі з краіны пасмешышча. Ці шмат агульнага ў рэжыму Лукашэнкі і ў зімбабвійскага?

- Скажам так, Мугабэ сярод іншых дыктатараў быў экстравагантным. У тым сэнсе, што ён запомніўся вельмі дзіўнымі выказваннямі, вар'яцкай гіперінфляцыяй, расізмам у дачыненні да белага насельніцтва, якое выправадзіў. Мугабэ выкарыстоўваў гвалт да апанентаў рэжыму, у краіне прысутнічаў культ асобы, які, вядома, можна ўбачыць і сёння.

У інтэрнэце можна знайсці цэлую процьму самых розных выказванняў Мугабэ. Напрыклад, што ён паміраў і ўваскрасаў.

Я б нават сказаў, што з узростам ідзе мугабізацыя Лукашэнкі. Калі Мугабэ быў яшчэ ў нармальным фізічным стане, а ён кіраваў да старэчых гадоў, паводзіў сябе больш спакойна і годна.

Мугабэ і Мнангагва - адукаваныя людзі, яны вучыліся ў Лондане і доўгі час жылі за межамі краіны. Лукашэнка гэтым пахваліцца не можа.

У Зімбабвэ мае месца свая спецыфіка. З аднаго боку - наскрозь бедная краіна, а з другога - маладая жонка Мугабэ падарожнічала па Еўропе і скупляла ў буціках Лондана і Мілана дызайнерскае адзенне. Мяркуючы з усяго, ён разлічваў нават яе зрабіць сваёй пераемніцай.

У гэтым сэнсе беларускія кіроўныя вярхі так адкрыта сябе не паводзяць. Што да экстравагантных заяў і ўчынкаў, то тут яны, вядома, гуляюць у адной лізе. Чаго толькі вартае відэа з Лукашэнкам, дзе ён святкуе перамогу тэнісісткі Сабаленкі, якое разышлося па бульварнай заходняй прэсе.

На Захадзе хапаюцца за такія экзатычныя кадры, калі чалавек, які знаходзіцца на чале дзяржавы, сядзіць за сталом, п'е гарэлку і святкуе перамогу тэнісісткі. Увогуле, як экзатычныя дыктатары яны гуляюць у адной лізе, з пункту гледжання Захаду - непрыстойна.

Таму паездка Лукашэнкі ў Зімбабвэ выглядае лагічнай. Думаю, што шмат у чым ён адчуваў сябе там сваім. Гэта выяўляецца ў канкрэтнай дэталі - падарунку, які яму там зрабілі. Натуральна, што калі Лукашэнку надумалі падарыць пудзіла льва, які з'яўляецца адным з сімвалаў Зімбабвэ, яны яму хацелі зрабіць прыемнае. Як я разумею, па іх мерках - гэта вельмі важны падарунак. Мяркуючы з рэакцыі Лукашэнкі, ён яго не натхніў, але не ў гэтым справа.

Еўрапейскаму лідару ў Зімбабвэ б такое падарыць не змаглі. У любой еўрапейскай краіне пасля такога падарунку ўзняўся б скандал. Бо для таго, каб гэтае пудзіла зрабіць, жывёлу павінны былі забіць. У еўрапейскіх краінах зусім іншае стаўленне да жывёл і такі падарунак быў бы абсалютна непрымальным.

Відаць, з лукашэнкаўскай адміністрацыяй зімбабвійскі бок гэты падарунак узгадніў і ён быў прыняты як абсалютна нармальны. Хоць, гэта дзіўна з боку Лукашэнкі, які ажно так любіць жывёл, што ўласнага сабаку саджае за стол і на стол. Ужо сам факт, што яму дораць такія падарункі, а ён іх прымае, кажа пра тое, што яго там успрымаюць як свайго.

Я б яшчэ дадаў, што знаходжанне сённяшняга Лукашэнкі ў ягонай фізічнай форме, гэта вельмі стылістычна нагадвае візіты ў Афрыку такіх савецкіх лідараў, як Брэжнеў. Вось позні Брэжнеў адправіўся ў турнэ па брацкіх афрыканскіх краінах - як ён сябе паводзіць, як з імі размаўляе. Не ўжывае ніякіх нават мінімальных выразаў па-ангельску. Нават калі з імі размаўляе, то робіць гэта па-расейску. Ён не можа сказаць нават банальнае «bye bye». Гэты візіт вельмі моцна паказвае савецкасць Лукашэнкі.

Напісаць каментар 37

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках