Камандзір брыгады ў Мар'інай Горцы заваблівае беларусаў у ПВК
13- 2.02.2023, 11:54
- 19,030
Пра гэта стала вядома са сведчанняў узятага УСУ ў палон беларускага выведчыка.
Шаўчэнкаўскі суд Кіева ў канцы студзеня прысудзіў да 10 гадоў калоніі 22-гадовага беларуса Максіма Зязюльчыка, які ваяваў ва Украіне ў складзе расейскай прыватнай ваеннай кампаніі «Рэдут». З прысуду, які быў апублікаваны ў рэестры судовых пастаноў, сталі вядомыя некаторыя падрабязнасці біяграфіі асуджанага. Маладзён расказаў суду, што да таго, як стаць наймітам, служыў паводле кантракту ў пятай асобнай брыгадзе спецыяльнага прызначэння Узброеных сіл Беларусі, а аб наборы ў ПВК яму расказаў камандзір часці.
Максім Зязюльчык нарадзіўся ў горадзе Рудзенск Менскай вобласці. На момант поўнамаштабнага расейскага ўварвання ва Украіну 24 лютага 2022 года ён служыў паводле кантракту ва Узброеных сілах Беларусі. Са слоў абвінавачанага, ён быў камандзірам-выведчыкам другога атрада пятай асобнай брыгады спецыяльнага прызначэння, якая дыслакуецца ў Марынай Горцы.
«Ад камандзіра сваёй часткі ён даведаўся, што ПВК «Рэдут» у РФ прымае ў свае шэрагі наймітаў за пэўную плату і надумаў пайсці ў шэрагі названай ПВК, для гэтага ў ліпені 2022 года прыбыў у горад Тамбоў РФ, дзе яго сустрэлі два прадстаўнікі ПВК «Рэдут», - паказана ў прысудзе.
Затым наймітаў павезлі на палігон «Трыгуляй» у аднайменным пасёлку. Там Зязюльчык падпісаў кантракт з заробкам 3 600 даляраў за месяц. Яго залічылі ў падраздзяленне «Ветэраны» кулямётчыкам-рэтранслятарам.
Пасля трохдзённага навучання на палігоне, 21 ліпеня, Зязюльчыка адправілі ваяваць у Харкаўскую вобласць у горад Ізюм, які на той момант знаходзіўся пад расейскай акупацыяй.
Зязюлчык павінен быў абараняць пункт сувязі і дапамагаць сувязным. 30 ліпеня, праз 9 дзён пасля прыбыцця ва Украіну, Зязюльчык атрымаў раненне ў баі пад Краснаполлем у Данецкай вобласці. 15 жніўня яго адправілі ў Сватава Луганскай вобласці, пасля - у сяло Каровій Яр пад Ліманам у Данецкай вобласці. 19 верасня пад Яцкаўкай Ліманскага раёна Зязюльчык атрымаў яшчэ адно раненне, у нагу. Як ён сказаў у судзе, яго параніў ягоны ж камандзір. У гэты ж дзень беларус патрапіў у палон.
У судзе Зязюльчык прызнаў віну і раскаяўся, адзначыўшы, што шкадуе аб сваіх учынках.
Беларуса прызналі вінаватым паводле ч. 4 арт. 447 КК Украіны за ўдзел у якасці найміта ва ўзброеным канфлікце. Яму прызначылі 10 год пазбаўлення волі.