24 красавiка 2024, Серада, 10:09
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Украіна можа атрымаць яшчэ 100 танкаў: еўрапейская краіна ідзе на беспрэцэдэнтны крок

3
Украіна можа атрымаць яшчэ 100 танкаў: еўрапейская краіна ідзе на беспрэцэдэнтны крок

Рыхтуецца спецыяльная працэдура аб змяненні фармату нейтралітэту.

Праз уварванне расейскага войска ва Украіну Швайцарыя можа пайсці на беспрэцэдэнтны крок і змяніць фармат свайго нейтралітэту. Змяненні ў заканадаўстве дазволяць Украіне не толькі атрымліваць швайцарскія боепрыпасы, але і разлічваць на амаль 100 танкаў Leopard-2. Пра гэта паведамляе інфармацыйнае агенцтва Bloomberg.

Размова ідзе аб 96 танках Leopard-2, выкарыстанне якіх было спыненае амаль 10 гадоў таму для далейшага вываду з эксплуатацыі, піша агенцтва. Іх продаж запатрабуе пастановы парламента аб правядзенні працэдуры вываду з эксплуатацыі.

Праект, распрацаваны Свабоднай дэмакратычнай партыяй (FDP), мяркуе выдачу Нямеччыны, Гішпаніі і Даніі дазволу на пастаўку Украіне швайцарскіх боепрыпасаў і продаж Польшчы, Славаччыне і Чэхіі танкаў Leopard наўзамен тэхнікі, якую краіны плануюць адправіць Украіне.

Парламент Швайцарыі ў чацвер абмяркуе законапраект, які дазваляе пастаўляць боепрыпасы швайцарскай вытворчасці ва Украіну і накіраваць танкі краінам, чый вайсковы патэнцыял знізіўся за кошт перадачы танкаў Украіне.

Такія размовы былі б немагчымыя ў Швайцарыі яшчэ год таму, да расейскага ўварвання ва Украіну. Вайна ва Украіне змяніла падыход да абмеркавання фармату швайцарскага нейтралітэту, паведаміла агенцтву дэпутатка ад FDP Мая Рынікер.

«Мы не можам адмовіцца ад нейтралітэту Швайцарыі, але нам трэба абмеркаваць, якія ў нас ёсць магчымасці для падтрымкі краін, якія бароняць тыя ж дэмакратычныя каштоўнасці, што і Швайцарыя», – сказала Рынікер.

Яе прапанова перадаць танкі за сімвалічны адзін франк за кожны была адхіленая ў першым чытанні на мінулым тыдні, але дэпутатка хоча вынесці яе на паўторны разгляд увесну.

Разам з тым дэпутат найбуйнейшай прадстаўленай у парламенце Швайцарскай народнай партыі Томас Эскі заявіў агенцтву, што яго партыя не плануе галасаваць за законапраекты аб пашырэнні вайсковай падтрымкі.

Аднак 55% жыхароў краіны падтрымліваюць рээкспарт боепрыпасаў швайцарскай вытворчасці, каб дапамагчы Украіне, вынікае з нядаўняга апытання, вынікі якога ёсць у распараджэнні Bloomberg.

Швайцарыя адмовілася пастаўляць зброю наўпрост Украіне ў адпаведнасці з палітыкай нейтралітэту. У лістападзе прэзідэнт Швайцарыі Іньяцыё Касіс заявіў, што краіна «не будзе проста ці ўскосна ўдзельнічаць у ваенным канфлікце». «Ні падчас Першай сусветнай вайны, ні нават падчас Другой мы не экспартавалі ўзбраенне», - падкрэсліў ён.

Вайна ва Украіне ўжо прымусіла адмовіцца ад нейтральнага статусу Фінляндыю і Швэцыю, якія ўвесну мінулага года падалі заяўку на ўступленне ў NATO.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках