11 снежня 2024, Серада, 23:59
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Менску ўжо месяц судзяць Нобелеўскага лаўрэата

2
У Менску ўжо месяц судзяць Нобелеўскага лаўрэата

Паводле справы «Вясны» скончылі «вывучаць» 284 тамы.

У судзе Ленінскага раёна Менска ўжо месяц ідзе разгляд крымінальнай справы супраць старшыні праваабарончага цэнтра «Вясна» і Нобелеўскага лаўрэата Алеся Бяляцкага, яго намесніка і віцэ-прэзідэнта FIDH Валянціна Стэфановіча, каардынатара кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» Уладзіміра Лабковіча і праваабаронцы). Стадыя абвяшчэння пісьмовых матэрыялаў паводле справы «Вясны» скончаная – агучаныя ўсе 284 тамы.

Большасць матэрыялаў крымінальнай справы паводле справы «Вясны» складаюць звесткі аб праваабарончай дзейнасці арганізацыі, размешчаныя ў адкрытым доступе на сайце spring96.org, у сацсетках «Вясны» і незалежных медыя. На адным з судовых пасяджэнняў Валянцін Стэфановіч падкрэсліваў, што праваабарончая дзейнасць - гэта публічная дзейнасць.

Прынамсі, акрамя звестак аб рабоце менскага офіса, у матэрыялах справы ёсць падрабязныя звесткі аб дзейнасці рэгіянальных аддзяленняў: гомельскага, берасцейскага і магілёўскага.

«Аператыўная распрацоўка» берасцейскага праваабаронцы з 2020 года

З матэрыялаў справы стала вядома, што супрацоўнікі ГУБАЗіКа прыступілі да правядзення аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў у дачыненні да праваабаронцаў яшчэ ў верасні 2020 года. Тады сілавікі пачалі праслухоўваць тэлефон кіраўніка берасцейскага аддзялення – Уладзіміра Вялічкіна: на судзе быў агучаны змест гэтых размоваў. Таксама ГУБАЗіК устанавіў назіранне за берасцейскім праваабаронцам, а ў офісе - відэакамеру. На працэсе дзяржаўны абвінаваўца апісвае відэа з офіса і абвяшчае змест размоваў адтуль жа.

На працэсе быў агучаны запыт Следчага камітэта ад 1 кастрычніка 2021 года ў Берасцейскую абласную калегію аб укладанні дамоваў з адвакатамі на наданне юрыдычнай дапамогі ў 146 крымінальных і адміністрацыйных справах з 1 студзеня 2018 года па даце запыту. Падкрэслім, што на падставе ч.2 арт.342 Крымінальнага кодэкса праваабаронцам ставіцца ў віну перыяд з траўня 2020 года да 14 ліпеня 2021 года, але ў матэрыялах справы ёсць мноства дакументаў, якія не належаць да інкрымінаванага перыяду.

Праслухоўванне гомельскага праваабаронцы ў СІЗА

На судзе стала вядома, што супрацоўнікі ГУБАЗіку праслухоўвалі на спатканні з жонкай у пакоі кароткатэрміновых спатканняў у гомельскім СІЗА №3 палітвязня Леаніда Судаленку. Гэта адбылося праз два месяцы пасля затрымання праваабаронцы. Падчас спаткання Леанід цікавіўся ў жонкі, ці быў хто-небудзь затрыманы пасля масавых ператрусаў у прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці 16 лютага 2021 года, на што яна адказала, што толькі Зміцер Салаўёў (якога цяпер судзяць завочна) і Андрэй Комлік-Ямацін.

Таксама жонка расказала Леаніду, што ёй тэлефанаваў Алесь Бяляцкі і прапаноўваў сваю дапамогу. Пракурор акцэнтуе ўвагу на тым, што Леанід прасіў жонку збіраць чэкі на адваката, лекі, вітаміны, якія яна набывае яму.

У матэрыялах справы змяшчаецца мноства пратаколаў агляду гомельскага сайта «Вясны», а таксама профіль палітвязня Леаніда Судаленкі на сайце prisoners.spring96.org – на паседжанні пракурор зачытаў яго. Таксама стала вядома, што следства назірала за публікацыямі на сайце «Вясны» аб затрыманні Леаніда Судаленкі і нават зафіксавала, калі гэтая навіна была галоўнай на сайце.

У лаўрэата Нобелеўскай прэміі міру ёсць вымова ў СІЗА

Таксама на судзе стала вядома, што на прафілактычных уліках у СІЗА Алесь Бяляцкі, Валянцін Стэфановіч, Уладзімір Лабковіч не знаходзяцца. Старшыня «Вясны» мае адно спагнанне ў выглядзе вымовы.

Палітвязні «вясноўцы» цяпер маюць патрэбу ў салідарнасці. Падтрымайце іх лістамі, пасылкамі і грашовымі пераводамі: СІЗА-1, 220030, г. Менск, вул. Валадарскага, 2, Аляксандру Віктаравічу Бяляцкаму, Валянціну Канстанцінавічу Стэфановічу, Уладзіміру Мікалаевічу Лабковічу.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках