У Літве ў кантрабандыстаў канфіскавалі 828 пачкаў цыгарэт з беларускімі акцызамі
4- 2.02.2023, 17:04
- 3,384
Яны везлі груз у падлозе аўто.
Chrysler 300C з беларускімі рэгістрацыйнымі знакамі паспяхова заехаў у Літву і працягнуў рух у Варэнскім раёне. Здавалася б, хваляванні ў мінулым, улічваючы, які груз перавозіцца ў падлозе аўтамабіля.
Аднак непадалёк ад мяжы супрацоўнікі VSAT супольна з паліцыяй спынялі аўтамабілі для праверкі, піша «АвтоГродно».
Вызначылі праверыць і беларускі Chrysler 300C. Хоць з дакументамі кіроўцы і пасажыра ўсё было ў парадку, але нечым яны выклікалі падазрэнні ў правяраючых. Аўто пастанавілі паглыблена даглядзець на найбліжэйшым пункце пропуску.
Тут і высветлілася, што ў дне Крайслера і ў абодвух парогах дзвярэй ёсць схованкі. З іх памежнікі канфіскавалі 828 пачкаў цыгарэт з беларускімі акцызамі.
У сувязі з перавозкай падакцызных тавараў з парушэннем устаноўленага парадку ў дачыненні да кіроўцы і яго пасажыра (уладальніка Chrysler) распачатая адміністрацыйная справа.
Ім пагражае штраф ад 5200 да 6000 еўраў і канфіскацыя аўтамабіля.
Пасля допыту памежнікі адпусцілі беларусаў. Ім уручылі позву аб прыходзе ў Друскінінкайскі памежны пункт, дзе будзе разглядацца адміністрацыйная справа.
Цыгарэты і Chrysler 300 C часова захоўваюцца ва ўказаным пункце пропуску.