29 лютага 2024, Чацвер, 14:48
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Што адбываецца на фронце: Мапа баявых дзеянняў ва Украіне за 26–31 студзеня

Што адбываецца на фронце: Мапа баявых дзеянняў ва Украіне за 26–31 студзеня

У студзені УСУ знішчылі рэкордную колькасць акупантаў.

У студзені Узброеныя сілы Украіны знішчылі рэкордную колькасць акупантаў – 21700, што амаль на 4 тыс. больш, чым у рэкордным лістападзе. Калі дадаць да гэтай колькасці і параненых, то атрымаем блізу 60 тыс. ворагаў, выведзеных са строю за месяц, паведамляе espreso.tv.

Бахмут

Статыстыка знішчэння захопнікаў дэманструе, наколькі інтэнсіўнымі і цяжкімі былі баі ў студзені, якія ў большасці сваёй доўжыліся на Бахмуцкім кірунку.

Пасля таго як УС РФ уперліся ў непрабіўную абарону на ўсходніх наваколлях Бахмута, яны пачалі пашыраць свой кантроль над тэрыторыямі на поўнач і поўдзень ад горада. Асноўнай задачай гэтых дзеянняў з аднаго боку з'яўляецца адразанне Бахмута ад лагістычных артэрый, а з другога – стварэнне аператыўнага акружэння Сілаў абароны, якія абараняюць горад Северск.

Фёдараўка. На гэтым адрэзку УСУ занялі асноўныя вышыні адразу па трасе і дэмілітарызуюць акупантаў як у Салядары, так і ў яго наваколлях. Напрыклад, днямі ў Салядары знішчылі пункт кіравання рашыстаў.

На захад ад Салядара акупанты з усіх сілаў спрабуюць захапіць вёскі Красная Гара і Парасковіеўка, каб выйсці на аператыўную прастору і мець магчымасць далей прасоўвацца ў кірунку Славянска. Абаронцы Краснай Гары ўжо больш за тыдзень знаходзяцца ва ўмовах паўкатла.

На паўднёвым ад Бахмута фронце асноўны ўдар расейцаў накіраваны на перарэзку забеспячэння горада, якое ажыццяўляецца з Канстанцінаўкі праз Часіў Яр. Пасля акупацыі Клішчыеўкі захопнікі здолелі на адрэзку паміж сёламі Іваніўскае і Ступочкі падысці да трасы на адлегласць да 2 км. Зрэшты, для поўнага блакавання Бахмута акупантам трэба як мінімум захапіць горад Часіў Яр, які, акрамя таго, што размешчаны на асноўных вышынях, яшчэ і мае даволі моцную абарончую лінію, скаардынаваную з Бахмутам і Канстанцінаўкай. У Канстанцінаўку і Часіў Яр усё часцей сталі прылятаць ракеты і снарады.

Луганшчына

Пакуль у Луганскай вобласці прадаўжаюцца пазіцыйныя баі, выведкі хаўруснікаў прадказваюць праз некалькі тыдняў маштабны наступ падрыхтаваных рэзерваў, якія цяпер наганяюцца пад мяжу ў раён Валуек.

Аднак ужо цяпер рашысты актывізаваліся паблізу Крамянной, атакуючы па ўсіх кірунках, спрабуюць адкінуць УСУ ад горада. Сярод іншага УСУ часткова адступілі ў раёне Чырвонапапоўкі, з лесу на поўдзень ад Крамянной. А УС РФ чарговы раз зайшлі ў Дзіброва, каб прыкрыць свой наступ, накіраваны на Ямполеўку і Тэрны.

У той самы час нашы ваяры спрабуюць збіць атакоўны напор ворага, быццам удараючы па ягоных тылах. Так, у самой Крамянной УСУ знішчылі базу акупантаў, а ў Новаайдары патрапілі ў лякарню, напоўненую параненымі рашыстамі.

Паўднёвы фронт і Вуглядар

На паўднёвым фронце найбольш лютыя баі ішлі ля Вуглядара, на які захопнікі наступаюць ужо другі тыдзень запар. Але як і іх летнія вымогі ля Паўлаўкі, гэты наступ таксама захлынуўся, а 155-я брыгада ціхаакіянскіх марпехаў зноў панесла істотныя страты, як і некалькі месяцаў таму.

HIMARS прынеслі трапны «пляскач» у Ілавайску, менавіта пры разгрузцы цягніка з тэхнікай і асабовым складам. Паколькі расейскія прапагандысты ўжо паспелі зладзіць істэрыку, то відавочна, што траплянне было даволі адчувальным.

Расейскія тэрарысты абстрэльвалі Запарожжа, Крывы Рог і Херсон і значную колькасць меншых прыфрантавых гарадоў.

УСУ прадаўжаюць рыхтаваць глебу для контрнаступу на паўднёвым фронце. Бо расейцы спрабуюць разгрупоўваць свае склады і пошук «годных» цэляў займае доўгі час. На гэтым тыдні УСУ засяродзіліся на Марыупальскім, Мелітопальскім і Херсонскім кірунках. На Марыупальскім былі знішчаныя база, штаб, а таксама склад акупантаў у Валнаваскім раёне. Яшчэ адзін склад знішчылі ў Бярдзянску, а таксама дэмілітарызавалі казарму ў самім Марыупалі. Каля Мелітопаля HIMARS разбурылі ўжо другі чыгуначны мост на рацэ Малочная, праз які адбываліся пастаўкі з Крыма. Цікава, што менавіта ў момант трапляння па мосце перасоўвалася калона з расейскай тэхнікай. Акрамя таго, у паветра ўзляцелі два склады ў Полагаўскім і два ў Васількаўскім раёнах Запарожскай вобласці.

Херсоншчына традыцыйна найбольш ураджайная для плескачоў. Нягледзячы на тое, што акупанты знаходзяцца ў рамках дасягнення нашай артылерыі, яны ўпарта не хочуць адыходзіць. Такім чынам, Алешкі хутка будуць даганяць Чарнабаеўку, на гэтым тыдні тут былі два дакладныя траплянні. Акрамя таго, знішчаныя цэлі ў Херсонскім і Кахоўскім раёнах, Новай Кахоўцы, Шчаслівым, а таксама вялікі склад ва Ульянаўцы.

Журналісты зазначаюць, што мапы створаныя на аснове інфармацыі, атрыманай ад Генеральнага штаба Узброеных сілаў Украіны, а таксама іншых адкрытых і правераных крыніцаў. У той самы час мапы не максімальна дакладныя і толькі ўмоўна адлюстроўваюць тэндэнцыі ў зоне баявых дзеянняў.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках