Казахстан у 10 разоў павялічыў экспарт нафты ў абыход Расеі
4- 2.02.2023, 19:11
- 6,628
Галоўнай альтэрнатывай для казахстанскіх нафтавікоў стаў порт Батумі.
Казахстан рэзка нарасціў экспарт нафты ў абыход Расеі пасля серыі інцыдэнтаў на тэрмінале ў Новарасійску, праз які да вайны за мяжу вывозілася больш за 80% казахстанскіх бараляў.
Паводле вынікаў 2022 года Казахстан экспартаваў 1,328 млн тонаў нафты праз парты Грузіі – у 10 разоў больш, чым год таму, падлічыў Reuters на аснове звестак трэйдараў і экспедытараў.
Экспарт нафты праз Расею, наадварот, скараціўся больш чым на чвэрць пасля таго, як улады некалькі разоў прыпынялі працу чарнаморскіх прычалаў Каспійскага трубаправоднага кансорцыуму, спасылаючыся на рамонт, забруджванне навакольнага асяроддзя і неабходнасць пошуку мінаў часоў Другой сусветнай вайны.
За год праз Расею Казахстан экспартаваў 1,862 млн тонаў нафты супраць 2,554 млн тонаў у 2021-м, падлічыў Reuters.
Галоўнай альтэрнатывай для казахстанскіх нафтавікоў, ад прыбыткаў якіх залежыць больш за палову бюджэту краіны, стаў порт Батумі. Экспарт праз яго «вырас праз санкцыі», сказаў Reuters нафтатрэйдар, які працуе ў рэгіёне: Казахстан імкнецца адгарадзіцца ад сувязяў з Масквой і нават пераназваў нафтавы гатунак, які перш сыходзіў на рынак як Urals.
Найбуйнейшы вытворца нафты і газу ў Казахстане – «Тэнгізшэўройл» – летась адгрузіў у Батумі 252,5 тысячы тонаў нафты, нягледзячы на тое, што транспартаванне ў грузінскі порт больш складанае і дарагое, чым у Новарасійск.
«Батумі – гэта альтэрнатыўны кірунак (расейскім партоў), эканоміка пры гэтым не гуляе ролі», – тлумачыць крыніца Reuters.
ЗША актыўна супрацоўнічаюць з уладамі Казахстана, каб запусціць экспарт нафты з краіны ў абыход Расеі, паведаміў у лістападзе летась амерыканскі амбасадар у Астане Дэніэл Розенблюм. Паводле ягоных словаў, у перамовах удзельнічаюць як амерыканскія кампаніі, якія здабываюць нафту на найбуйнейшым у Казахстане радовішчы Тэнгіз, так і партнёры з іншых краінаў.
Улетку «Казмунайгаз» дамовіўся з азербайджанскай SOCAR пра экспарт 1,5 млн тонаў за год, або 30 тысячаў бараляў за дзень. З 2023 года гэтыя аб'ёмы будуць павялічаныя да 5 млн тонаў.