26 красавiка 2024, Пятніца, 13:18
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Рэжым Лукашэнкі вярбуе студэнтаў ВНУ для пераводу мігрантаў у Польшчу

6
Рэжым Лукашэнкі вярбуе студэнтаў ВНУ для пераводу мігрантаў у Польшчу

У Польшчы затрымалі чарговых праваднікоў мігрантаў і выкрылі іхнія заробкі.

Памежнікі Падляшскага ваяводства Польшчы ўсё часцей пры затрыманні груп нелегальных мігрантаў, якія перайшлі мяжу з Беларусі, разам з імі ловяць і іхніх праваднікоў. Гэта людзі, якія пераводзяць людзей праз мяжу, перадаюць іх кур'ерам, якія павінны адвезці іх далей у Еўропу, а самі вяртаюцца ў Беларусь. За мінулы тыдзень злавілі сем такіх праваднікоў, , паведамляе памежная служба Польшчы.

Усе затрыманыя спачатку назваліся грамадзянамі Сірыі і Ірака, але падчас правярання высветлілася, што яны прыехалі з Турцыі, Ірана, Туркменістана і Азербайджана.

Як тлумачаць польскія памежнікі, такіх праваднікоў злачынныя групоўкі, якія працуюць з плынямі нелегальных мігрантаў, вярбуюць у Беларусі з ліку маладых замежнікаў, што легальна жывуць у нашай краіне.

"Часта гэта студэнты беларускіх ВНУ, выхадцы з Ірака, Турцыі або былых рэспублік СССР", — зазначае памежная служба Польшчы.

Моладзь прывабліваюць абяцаннем высокіх лёгкіх заробкаў, навучаюць таму, як перасоўвацца на мясцовасці, уступаць у кантакт з кур'ерам, размаўляць з мігрантамі і, у выпадку затрымання, з польскімі службамі, а таксама як хутка вярнуцца ў Беларусь. Такіх праваднікоў трафікеры накіроўваюць з кожнай вялікай групай мігрантаў, каб зафіксаваць іх шлях на захад і мець пацвярджэнне, што паслуга дастаўкі мігрантаў у ЕЗ выкананая.

На думку польскай памежнай установы, усё гэта з'яўляецца яшчэ адным пацвярджэннем таго, што сітуацыя са струменем нелегальных мігрантаў праз беларуска-польскую мяжу з'яўляецца штучна справакаванай і кантралюецца беларускімі спецыяльнымі службамі ў супрацоўніцтве са злачыннымі групоўкамі.

«Гэта вельмі прыбытковы бізнэс, ад якога здабываюць як беларускія службы, так і ягоныя арганізатары. Напрыклад, праваднік (адзін з затрыманых — рэдакцыя) за адну пераведзеную праз мяжу групу меў атрымаць 2,5 тысячы даляраў, а ён толькі адзін з элементаў у арганізацыі нелегальнага пераходу мяжы ЕЗ», — адзначае памежная служба.

Установа запэўнівае, што навучылася эфектыўна вылічаць праваднікоў сярод мігрантаў. Усім ім пагражае як мінімум высыланне ў родныя краіны пасля адміністрацыйнага разбору, а сяму-таму выстаўляюць і крымінальныя абвінавачанні.

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках