19 сакавiка 2024, aўторак, 13:51
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Politico: Былая жонка Пуціна тэрмінова прадае вілы і асабнякі ў Еўропе

45
Politico: Былая жонка Пуціна тэрмінова прадае вілы і асабнякі ў Еўропе

У першую чаргу размова ідзе аб элітнай кватэры ў курортным горадзе Гішпаніі.

Асцерагаючыся міжнародных санкцый пасля пачатку поўнамаштабнага ўварвання РФ ва Украіну былая жонка расейскага дыктатара Уладзіміра Пуціна, Людміла Ачарэтняя, пачала прадаваць элітную нерухомасць на Захадзе. Пра гэта гаворыцца ў артыкуле-расследаванні, якое правялі журналісты амерыканскага выдання Politico.

Афіцыйна Пуцін развёўся з жонкай Людмілай у 2013 годзе. Праз пару гадоў яна выйшла замуж за спартоўца (аматара трыятлону Ironman) і камерсанта Артура Ачарэтняга.

«Пара не ўваходзіць у спіс санкцыяў Еўрапейскага Звязу, але гэта можа хутка змяніцца; бо Лондан ужо ўвёў пад санкцыі Ачарэтнюю і яе дарослых дзяцей (ад шлюбу з Пуціным - рэд.). Калі б Брусэль рушыў услед гэтаму прыкладу, гэта магло б раптам пакінуць нерухомасць і астатняе іх еўрапейскае партфоліё недасяжнымі», - пішуць журналісты.

У першую чаргу, гаворка ідзе аб элітнай кватэры, размешчанай у 20 хвілінах хадзьбы ад пляжа ў Марбельі, курортным горадзе ў Гішпаніі. Падчас пакупкі ў 2014 годзе яна каштавала прыкладна 1,1 млн еўраў. І з таго часу кошты нерухомасці толькі раслі.

Як мяркуюць журналісты, у Пуціна і Ачарэтняй засталося шмат агульнай нерухомасці.

«Магчыма, шлюб і скончыўся, але аспекты стасункаў, прынамсі, іх фінансавы складнік - працягнуліся», - кажуць расследавальнікі.

Праўда, фармальна, нерухомасць набываў Ачарэтні. Кватэра ў Марбельі - адна з дзвюх у горадзе, якія ён набыў незадоўга да вяселля з Людмілай. Першую Ачарэтні набыў у 2011 годзе прыкладна за 800 тысяч еўраў, а другую - у 2014 годзе за больш чым 1 мільён еўраў. Рэгістрацыйныя дакументы сведчаць, што кватэры па-ранейшаму застаюцца ягонай уласнасцю.

«За апошнія дзесяцігоддзі гэты раён стаў магнітам для расейскіх грошай. Блізу 3 тысяч расейцаў афіцыйна пражываюць у Марбельі, рэальная колькасць значна большая», - распавёў мясцовы рыэлтар журналістам.

Але гэта яшчэ не ўсё. У 2015 годзе, прыкладна ў той жа час, калі Ачарэтні ажаніўся з Людмілай, ён набыў шыкоўную кватэру ў Давосе (Швайцарыя). Абвешчаны кошт яе на момант куплі складаў блізу 3 млн еўраў. Прычым Ачарэтні змог набыць кватэру ў Швайцарыі, нягледзячы на тое, што швайцарскія законы дазваляюць замежнікам набываць жыллё толькі ў рэдкіх выпадках.

Акрамя таго, Ачарэтні некалькі гадоў таму набыў вілу ў стылі ар-дэка пад назвай «Віла Сусана», размешчаную прыкладна ў 6 кіламетрах ад курортнага горада Біярыца ў Францыі.

«Віла Сусана» - не адзіная нерухомасць у горадзе, звязаная з расейскім прэзідэнтам. У 2012 годзе Кірыл Шамалаў, тагачасны муж Кацярыны Ціханавай - малодшай дачкі Пуціна і Ачарэтняй - набыў дом за 3,5 мільёна еўраў з выглядам на мора», - адзначылі расследавальнікі.

Летась улады Вялікай Брытаніі пашырылі санкцыйны спіс супраць асяроддзя расейскага дыктатара Уладзіміра Пуціна. Тады ў яго былі ўключаныя былая гімнастка Аліна Кабаева, якую СМІ называюць пуцінскай палюбоўніцай, а таксама яго былая жонка Людміла (цяпер яна носіць прозвішча Ачарэтняя).

Усяго ў санкцыйны спіс дададзены тузін людзей, у іх ліку сваякі дыктатара Пуціна альбо людзі, якіх брытанскія ўлады ўважаюць за тых, хто ўваходзіць у яго «блізкае кола».

Пазней ЗША ўвялі санкцыі супраць музыкі Сяргея Ралдугіна, якога СМІ называюць найбліжэйшым сябрам Пуціна і хросным бацькам адной з яго дачок. Пад санкцыі ЗША таксама патрапіла ягоная жонка – оперная спявачка Алена Міртава.

Цяпер Ралдугін знаходзіцца ў санкцыйных спісах ЗША, Еўразвязу, Вялікай Брытаніі, Аўстраліі і Новай Зеландыі.

Напісаць каментар 45

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках