Прарасейскі дэпутат Бундэстага таемна наведаў Беларусь
15- 8.02.2023, 11:42
- 15,376

У Нямеччыне разгарэўся скандал.
Нямецкі дэпутат ад прарасейскай партыі "Альтэрнатыва для Нямеччыны" Пэтр Быстрон у канцы 2022 года мог здзейсніў паездку ў Беларусь.
Факт сваёй паездкі ён схаваў ад старшыні Бундэстага і грамадскасці, піша RND. Афіцыйных паведамленняў з беларускага боку аб паездцы таксама не паступала.
Паводле інфармацыі некамерцыйнага даследчага цэнтра Correctiv і літоўскага тэлеканала LRT, для паездкі ў Беларусь ён нібыта выкарыстоўваў выправу ў Літву ў лістападзе 2022 года.
Быстрон — прадстаўнік «Альтэрнатыва для Нямеччыны» ў камітэце замежных спраў Бундэстага. Старшыня камітэта Міхаэль Рот (СДП) назваў інфармацыю аб беларускай паездцы «вельмі прыкрай падзеяй».
«Факт паездкі ў Беларусь дэпутат схаваў і пакуль адмоўчваецца. Характэрна, што і ў Беларусі аб паездцы Быстрона не паведамлялася, хаця візіт нямецкага дэпутата мог бы стаць удалай тэмай для прапагандыстаў.
Навошта дэпутату Бундэнстага, ды яшчэ і сябру Камітэта замежных спраў, спатрэбілася наведаць Беларусь? І з кім ён тамака сустракаўся? Чаму ён схаваў сваю паездку? Гаворка ідзе пра прыватную ініцыятыву Быстрона ці ён ездзіў на даручэнне партыі? Пакуль гэтыя пытанні застаюцца без адказу. Скандал толькі пачынаецца», - пракаментаваў інфармацыю аб паездцы Быстрона ў Беларусь палітолаг Аляксандр Фрыдман.
Пэтр Быстрон вядомы сваімі прарасейскімі і антыўкраінскі поглядамі. Ён адкрыта выступае супраць перадачы Захадам зброі Кіеву.