Шахцёры ператварыліся ў грузчыкаў: што адбываецца на «Беларуськаліі»
34- 8.02.2023, 15:39
- 30,790
Аб'ём здабычы калію летась скараціўся на 60%.
Клайпедскі порт доўгі час быў адным з асноўных каналаў пастаўкі беларускіх калійных угнаенняў. У 2013 годзе Беларусь нават выкупіла траціну акцый тэрмінала сыпкіх грузаў. Летась у лютым праз санкцыі Літва спыніла транспартаванне беларускіх грузаў праз Клайпедскі порт. «Беларуськалій» пазбавіўся асноўнай транзітнай магістралі для сваёй прадукцыі.
Журналісты «Радыё Свабода» паглядзелі, як флагман беларускай прамысловасці працаваў гэты год і што на cалігорскім прадпрыемстве адбываецца цяпер.
Аб чым сведчыць статыстыка
Беларускія ўлады закрылі ўсю статыстыку аб эканамічнай дзейнасці «Беларуськалію». Няма звестак аб экспарце за 2021-2022 гады, не публікуюцца справаздачы аб эканамічнай дзейнасці Беларускай калійнай кампаніі і «Беларуськалію». Апошнія звесткі - за 2020 год. Тады чысты гадавы прыбытак Беларускай калійнай кампаніі, галоўнага трэйдара «Беларуськалію», склаў 580 тысяч рублёў. Усяго ў 2020 годзе Беларусь прадала за мяжу калійных угнаенняў на 2,4 мільярды даляраў.
Паводле інфармацыі Нацыянальнага інфармацыйнага цэнтра карысных выкапняў ЗША, аб'ём здабычы «Беларуськалію» за мінулы 2022 год склаў усяго 3 мільёны тон, гэта на 60% менш, чым у папярэднія гады.
Згодна з Еўрапейскай службай статыстыкі, летась Беларусь яшчэ прадавала мінеральныя і хімічныя ўгнаенні ў ЕЗ. За студзень, люты і сакавік Беларусь прадала ў ЕЗ мінеральных і хімічных угнаенняў на 38,1 мільёна еўра.
Для параўнання, у 2020 годзе, да ўвядзення санкцый, Беларусь прадала ў ЕЗ калійных угнаенняў на 195,7 мільёна еўра. Гэта ў пяць разоў больш, чым летась. У красавіку, згодна з Еўрапейскай службай статыстыкі, экспарт беларускага калію ў ЕЗ спыніўся цалкам. У чэрвені мінулага года прадукцыя «Беларуськалію» патрапіла пад санкцыі ЕЗ.
У якасці альтэрнатывы Клайпедскаму порту беларускія чыноўнікі называлі расейскія парты. Менавіта праз іх збіраліся пастаўляць калій. Аб пачатку такіх паставак беларускі канал АНТ паведаміў толькі ў ліпені, то бок, толькі праз 5 месяцаў пасля забароны транзіту праз літоўскі порт.
Размова тады вялася аб кантракце на перапраўку 2 мільёнаў тон да канца года. Для параўнання, у 2020 годзе на экспарт Беларусь адправіла 7,1 мільёна тон калійных угнаенняў, у 3,5 разы больш.
Грузаабарачэнне марскіх партоў Расеі за мінулы год склала 841,5 мільёна тон і павялічылася на 0,7 адсотка. А вось аб'ём перавалкі сухіх грузаў (а менавіта да такіх грузаў належыць калій) скараціўся на 0,2 адсотка ў параўнанні з 2021 годам.
Што адбываецца на «Беларуськаліі»
Паводле «Свабоды», цяпер на прадпрыемстве адбываецца «натуральнае скарачэнне штата». У кагосьці заканчваецца кантракт, яго не падаўжаюць, новых супрацоўнікаў таксама не набіраюць. Крыніцы на прадпрыемстве паведамляюць, што грузы з «Беларуськалію» цяпер адпраўляюць праз парты Мурманска і Усць-Луга. Гэта шлях на Кітай праз Ледавіты акіян. У некаторых супрацоўнікаў таксама скарачаюцца заробкі, часам гэта скарачэнне ўдвая. У асноўным падзенне выплат закранае тых, хто працуе на здзельнай аплаце ў шахце.
З траўня да канца кастрычніка «Беларуськалій» працаваў на траціну ад максімальнай магутнасці. На гэты момант аб'ём вытворчасці крыху павялічыўся, але пры гэтым шахцёраў ледзь не цэлымі брыгадамі здымаюць з працы і накіроўваюць на адгрузку гатовай прадукцыі. Былі і ёсць некаторыя службы, у якіх, наадварот, колькасць працы павялічылася - гэта тычыцца некаторых рамонтных брыгад.
«Пастаўкі ўпалі, але выраслі кошты прадукцыі»
Раней асноўнымі пакупнікамі беларускага калію былі Бразілія, Індыя і Кітай. Пастаўкі ў гэтыя краіны працягваюцца, але і яны скараціліся. Пра гэта кажа акадэмічная дырэктарка незалежнага акадэмічна даследчага цэнтра Beroc Кацярына Барнукова.
«Напрыклад, пастаўкі ў Індыю цяпер на ўзроўні 45% мінулага года, яны ўпалі больш чым на палову. Гэтыя пастаўкі ідуць праз расейскую чыгунку і, магчыма, праз расейскія парты. Там таксама былі праблемы з аплатай, абмяркоўвалася аплата ў рупіях. Пра Кітай ёсць няпоўныя лічбы, але яны паказваюць, што пастаўкі ідуць амаль у поўным ранейшым аб'ёме», - кажа Кацярына Барнукова.
Экспэртка звяртае ўвагу, што летась кошты калійных угнаенняў выраслі ўдвая, што дало магчымасць кампенсаваць некаторыя страты іншых рынкаў.
Канкурэнты «Беларуськалію» кажуць аб падзенні аб'ёму продажаў на 50%. Аднак кошты калійных угнаенняў выраслі амаль удвая, мяркуючы па кантрактах з Кітаем. Гэта дазваляла трымацца, але цяпер кошты пачынаюць зніжацца», - заўважае Кацярына Барнукова.
У такой сітуацыі налета «Беларуськалію» давядзецца скарачаць занятасць і заробкі, мяркуе экспэртка.
«Мы назіраем зніжэнне коштаў усіх угнаенняў. Калі налета не ўдасца пашырыць аб'ёмы паставак, то давядзецца больш актыўна скарачаць занятасць і заробкі. Мы бачылі скарачэнні заробкаў і летась, але заробкі першапачаткова былі дастаткова высокімі», - кажа Кацярына Барнукова.