25 красавiка 2024, Чацвер, 20:13
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Польшчу з жывёламі: Лайфхакі і парады ад беларусак

У Польшчу з жывёламі: Лайфхакі і парады ад беларусак

Адно з самых важных правілаў – гадаванцы павінны быць прышчэпленыя ад шаленства.

Дваровая котка Рубі пераехала ў Польшчу разам з гаспадаром у пераносцы ў аўтобусе. На дарогу ёй далі кацінага заспакойлівага. Да гэтага ёй зрабілі ўсе прышчэпкі, чып і пашпарт міжнароднага ўзору. Юлія пераязджала з трыма сабакамі і катом Грышам. Беларусы ў Польшчы расказалі ex-press.by, як перажыць пераезд разам з свойскімі жывёламі, адаптавацца ў новай краіне і жыць легальна.

Юлія, уладальніца трох сабак – Рыёна, Оры і Люсі і ката Грышы:

– Жывёлы павінны быць прышчэпленыя ад шаленства, і калі раней не прышчапляліся, то ўсім трэба зрабіць прышчэпку. Пра гэта кажуць у ветэрынарнай клініцы, – расказвае яна.

Чыпаваць трэба ў Беларусі, а потым паехаць у дзяржаўную ветэрынарную станцыю па рэгістрацыі таго, на каго жывёла зарэгістраваная. Там атрымаць міжнародны пашпарт для выезду. Туды запішуць усе вакцыны. Трэба, каб яны былі зробленыя за 20 ці 28 дзён да выезду.

Калі ў Польшчу прыязджаеш, трэба ў клініку ісці і ўставаць на ўлік, але нам нічога такога не казалі. Мы самі хадзілі па еўрапейскі пашпарт для жывёлаў, каб потым іх далей павесці ў Амерыку.

Корм таннейшы ў Польшчы. У Менску калі казаць пра добры корм, то ён увесь імпартны і заўсёды быў дарагі. А цяпер яго яшчэ і не прывозяць. У Польшчы замовіць можна ўсё што заўгодна.

Аляксандра, гаспадыня котачкі Рубі:

— У нас ёсць котка Рубі, якую шмат гадоў таму падабраў на лесвічнай пляцоўцы мой муж. Мабыць, хтосьці пераязджаў і пакінуў яе ў пад'ездзе – пару дзён недзе яна жыла там, а жыхары пад'езда яе падкормлівалі. Котачка была дагледжаная, прыгожая (хоць і беспародная), прывучаная ды латка. Не ведаю, наколькі ўзважанай была пастанова мінулых гаспадароў яе выкінуць... Для нас яна стала часткай сям'і, і калі праз некалькі гадоў мы пастанавілі пераехаць у Польшчу, не вагаліся, ці браць яе з сабой.

Пачалі шукаць інфармацыю, як падрыхтавацца да выезду за мяжу з жывёлай і якія дакументы трэба сабраць. Вывучалі сайты, тэлеграм-каналы. Ужо дакладна не памятаю паслядоўнасць, але мы рабілі наступнае: прагналі глістоў, зрабілі міжнародны ветпашпарт і чып, прышчэпку ад шаленства (пасля яе павінна мінуць некалькі тыдняў). Пасля зрабілі яшчэ комплексную прышчэпку (у Польшчы яе не патрабуюць, але надумалі падстрахавацца) і агляд у ветэрынара.

Апошнім пунктам было атрыманне сертыфіката ў дзяржаўнай ветэрынарнай установе прыкладна за дзень да выезду за мяжу. На жаль, гэта магчыма толькі праз жывую чаргу, таму майму мужу давялося прабыць там некалькі гадзінаў.

Наколькі я ведаю, у пашпарце жывёлы асноўныя запісы павінны быць прадубляваныя лацінкай, і калі ветэрынар не напісаў сам, можна самастойна гэта зрабіць (прыклады запаўнення можна паглядзець у тэлеграм-канале пра пераезд з жывёламі).

Я прыехала ў Польшчу на два тыдні раней, каб знайсці кватэру ў арэнду з кошкай. Прызнацца, гэта было нялёгка, але ўсё атрымалася – і мой муж выехаў з Менска.

Вёз яе на аўтобусе Intercars («Менсктранс» і «Экалайнс» не дазваляюць ехаць з жывёламі, калі не памыляюся). Адно месца набылі для мужа, другое за палову кошту – для Рубі. Кіроўца папярэдзіў, што калі ў кагосьці з пасажыраў алергія, давядзецца высаджвацца... Але, на шчасце, нікому котачка не перашкаджала і ціха ехала ўсю гадзіну. На ўсялякі выпадак ёй далі заспакаяльны сродак, каб дарога перанеслася яшчэ лягчэй. Мяжу прайшлі хутка – там толькі прасканавалі чып жывёлы.

Тут, у Польшчы, рэгістраваць ката не трэба. Толькі зрабіць пашпарт мясцовага ўзору (ЕЗ), каб карыстацца паслугамі ветэрынара.

Мы набываем толькі сухія кормы Royal Canin Regular Sterilised + прысмакі. 2 кг корму апошні раз каштавалі прыкладна 80 zl (блізу 45 беларускіх рублёў – заўв. рэд.), які кошт у РБ, нават не ведаю).

Віялета, уладальніца котачкі:

– Мы прайшлі пэўны працэс з прышчэпкамі і даведкамі. Раю звярнуцца да чата ў тэлеграме, дзе гэта абмяркоўваюць. Мы загадзя рыхтаваліся, таму ў нас усё нармальна прайшло. Правезлі кошку ў машыне праз мяжу, праблемаў з гэтым не было. Толькі ёй далі кацінага заспакойлівага, каб яна не нервавалася і была спакойнай.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках