Памёр беларускі футбольны трэнер Міхаіл Бас
1- 8.02.2023, 19:45
- 6,196
Усё жыццё трэнера было звязанае з магілёўскім футболам.
Усё жыццё трэнера Міхаіла Баса, які памёр на 76-м годзе жыцця, было звязанае з магілёўскім футболам, найбольшых поспехаў ён дамогся з камандай «Тарпеда», якая пад ягоным кіраўніцтвам у 1990-я гады гуляла ў найвышэйшай лізе, піша Tribuna.
Трэніраваў магілёўскае «Тарпеда» Міхаіл Бас з канца 1970-х, калі каманда гуляла ў чэмпіянаце БССР. Уласна кажучы, ён каманду і стварыў. Пад ягоным кіраўніцтвам яна стала чэмпіёнкай БССР, два разы брала срэбныя медалі і адзін раз бронзавыя.
У 1992 годзе магілёўскае «Тарпеда» стартавала ў элітнай лізе першага чэмпіянату незалежнай Беларусі і не пакідала яе 9 гадоў. Вылецела з найвышэйшай лігі каманда «Тарпеда-Кадзіна» толькі ў 2000 годзе і неўзабаве спыніла сваё існаванне. Увесь гэты час кіраваў камандай Міхаіл Бас, самы паспяховы сезон быў у 1995 годзе, калі «Тарпеда» дайшла да фіналу Кубка Беларусі.
Пад кіраўніцтвам Баса ў складзе Магілёўскага «Тарпеда» раскрыліся такія вядомыя футбалісты, як Сяргей Гарлуковіч, Аляксандр Сяднёў, Вячаслаў Герашчанка і Віталь Ланько. Тут заканчвалі свае кар'еры Ігар Крывушэнка, Алег Кубараў, Андрэй Скарабагацька, Сяргей Ясінскі, Эдуард Балтрушэвіч і Аляксандр Рабаконь. Большасць з названых футбалістаў пасля сталі паспяховымі трэнерамі.
Пасля заканчэння трэнерскай кар'еры Міхаіл Бас працаваў дырэктарам спартовага клуба «Тарпеда» ў Магілёве.