19 сакавiка 2024, aўторак, 7:43
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Нашу святую зямлю топчуць чобаты чужых салдат

57
Нашу святую зямлю топчуць чобаты чужых салдат
Іосіф Сярэдзіч

Галоўны рэдактар газеты «Народная воля» Іосіф Сярэдзіч звярнуўся да беларусаў.

Галоўны рэдактар газеты «Народная воля» Іосіф Сярэдзіч звярнуўся да беларусаў з адкрытым лістом. Сайт Charter97.org дае зварот цалкам.

- Шаноўныя суайчыннікі!

Мне балюча пісаць гэтыя радкі, але і маўчаць не магу.

Смяротная небяспека навісла над нашай краінай, над кожным з нас. Пра набліжэнне трагедыі сведчаць дзясяткі, сотні фактаў.

Толькі сляпыя не бачаць, як нашу святую зямлю топчуць чобаты чужых салдат.

Толькі глухія не чуюць, як надрыўна равуць пры ўзлёце з нашых аэрадромаў звышгукавыя ваенныя самалёты з чужымі апазнавальнымі знакамі. Вайна літаральна грукае ў нашы дзверы…

Ніколі, ніколі не адчувалася такой трывожнай напружанасці у грамадстве, як у апошнія гады. Бяда прыйшла адтуль, адкуль яе ніхто не чакаў. Здавалася, чарговыя прэзідэнцкія выбары адбудуцца пры поўным свабодным волевыяўленні народа, галоўныя спадзяванні якога былі звязаны з дэмакратычнымі пераменамі. Не з антыканстытуцыйным пераваротам, не з мяцяжом, зрэжысіраваным нейкімі міфічнымі заходнімі спецслужбамі, як гэта спрабуюць прадставіць і ўбіць у галовы недасведчаных грамадзян неадэкватныя прапагандысцкія кілеры. Успомнім, у той дзень, 9 жніўня 2020 года, незлічоная колькасць людзей стаяла ў шматгадзінных чэргах, каб апусціць у урну бюлетэнь за таго ці іншага кандыдата ў прэзідэнты і такім чынам рэалізаваць сваё законнае права на вызначэнне шляхоў далейшага мірнага развіцця краіны. І, канечне ж, не маглі яны змірыцца з відавочнымі фактамі нахабнага парушэння заканадаўства з боку членаў многіх-многіх участковых камісій, таму і выйшлі на пратэстныя акцыі. Хваля мітынгаў, маршаў, дэманстрацый пракацілася па ўсёй Беларусі – агулам за ўсе дні пратэстаў на плошчы і вуліцы выйшлі не сотні тысяч чалавек, а мільёны. Выйшлі з адной мэтай – дамагчыся справядлівасці, адстаяць свой гонар і захаваць законнасць у краіне. А што ў адказ з боку ўлад? Гвалт і рэпрэсіі, якіх Беларусь не ведала з далёкіх трыццатых гадоў мінулага стагоддзя.

Сэрца абліваецца крывёю, калі пачынаеш узгадваць жудасныя рэаліі апошняга часу. Хто мог падумаць, што здзекі з людзей, якія ў лёсавызначальны для краіны час праявілі высокую грамадзянскую актыўнасць, набудуць такі нечуваны размах. Як днямі сказаў вядомы пісьменнік, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі Віктар Казько, “усіх нас хочуць прагнаць праз Акрэсціна, увесь народ”. Рэпрэсіўны махавік, які раскруціўся ў 2020 годзе, так, на жаль, і не спыняецца. Вось некаторыя лічбы, ад якіх валасы на галаве дыбам становяцца. Толькі за апошнія месяцы таго ж выбарчага, 2020-га года звыш 30 тысяч (!!!) беларусаў прайшлі праз затрыманні, суды, адміністрацыйныя арышты, зняволенні паводле палітычна матываваных крымінальных спраў. Гэта сухая статыстыка, за якой – збіццё, нечалавечыя ўмовы ўтрымання ў пастарунках і ізалятарах, турмах, фактычна катаванне людзей.

Але ж потым былі і 2021-ы, і 2022 гады, калі крывавыя жорны жорсткіх рэпрэсій перамолвалі чалавечыя жыцці. Па выніках кожнага года незалежныя крыніцы паведамлялі яшчэ пра больш чым 6 тысяч палітычна матываваных затрыманняў. Такім чынам – плюс 12–13 тысяч чалавек.

У людской памяці навечна застануцца прозвішчы тых беларусаў, якія, адстойваючы справядлівасць, годнасць нацыі, пратэстуючы супраць беззаконня, ахвяравалі сваімі жыццямі, загінулі, можна сказаць, на нашых вачах.

Час ідзе, а сітуацыя, як мне здаецца, не мяняецца да лепшага. Сёлета ў лютым праваабаронцы налічылі 258 выпадкаў затрымання, 195 з якіх маюць характар пераследу па палітычных матывах. А памножце гэтыя лічбы на 12 месяцаў… За што? За тое, што тады, у бурлівым жніўні 2020 года, грамадзяне, не абыякавыя да лёсу Беларусі, тысячамі ўліваліся ў калоны дэманстрантаў ці прымалі ўдзел у маршах, мірных мітынгах. За перапосты ў інтэрнэце, за каментарыі, за падабайкі пад “няправільнымі” выказваннямі і інтэрнэтдопісамі, за “не тыя” фота, за “не тыя” налепкі ці кнігі… А часта і ўвогуле невядома за што.

“Паляванне на ведзьмаў” набывае самую жудасную афарбоўку. Вось ужо Генпракуратура адрапартавала пра 6 тысяч толькі “экстрэмісцкіх злачынстваў”, КДБ не перастае выяўляць “тэрарыстаў”. У заканадаўстве з’явіліся спецыяльныя артыкулы, у адпаведнасці з якімі тыя, хто быў заўважаны ў нечым падобным, могуць атрымаць нават смяротнае пакаранне. А колькасць грамадзян, якія ўжо атрымалі па 16, 18, 20 і нават 22 гады турмы, – не пералічыць. Пад “экстрэмізм” падводзяцца не толькі нейкія суполкі людзей, але і СМІ, музыкальныя гурты, тэлеграм-каналы, незалежныя прафсаюзы, грамадскія арганізацыі. Уявіце сабе, толькі за адзін дзень 2 сакавіка гэтага года адзін суд – Ленінскага раёна г.Гродна дадаў у спіс “экстрэмісцкіх матэрыялаў” 12 новых фігурантаў.

Карны апарат працуе безупынна, працуе днём і ноччу, працуе без выхадных. Ствараецца ўражанне, што ён цяпер і ёсць галоўная ўлада ў краіне. А як жа ў такіх тыранічных умовах жыць? Дзясяткі тысяч чалавек вымушаны былі ратавацца за мяжой. А колькі яшчэ могуць з’ехаць… І якіх людзей – найбольш адукаваных, найбольш прафесійна падрыхтаваных, з нацыянальным гонарам, жадаючых бачыць Радзіму свабоднай і квітнеючай! Як тут не ўзгадаць такую сусветна вядомую гістарычную постаць, як французскі філосаф Сен-Сімон. Ён некалі сказаў: “Пазбаўце нацыю 50 лепшых дактароў, 50 лепшых настаўнікаў і 50 лепшых яе вучоных і нацыя будзе адкінута на 100 гадоў назад”.

Дык што ж рабіць, каб такі горкі лёс не напаткаў кроўную Беларусь? Каб мы, беларусы, не страцілі сваю незалежнасць, свой суверэнітэт, каб мы ў чарговы раз не сталі “северо-западным краем”?

Адказ на гэтыя хвалюючыя пытанні адзін: без нацыянальнага прымірэння не захаваць нам незалежнасць Беларусі! А значыць, без згуртаванасці ўсіх-усіх – і правых, і левых, і кансерватараў і лібералаў, і празаходнікаў і праўсходнікаў – не мець нам шчаслівай будучыні на роднай зямлі. Вось чаму ў апошнім слове на судзе лаўрэата Нобелеўскай прэміі Алеся Бяляцкага рэфрэнам прагучала думка: “…Курс на канфрантацыю, калі адна частка – сілавыя структуры, спецслужбы, пракуратура, следчы апарат, суды – цісне і душыць другую, небяспечны і бесперспектыўны… Вынікі такой палітыкі нецярпімасці, канфрантацыі і поўнай адмовы ад палітычнага плюралізму – гэта няспынны грамадска-палітычны, сацыяльны, эканамічны крызісы, масавая эміграцыя. Усё гэта туга завязана паміж сабой.

Сітуацыя поўнамаштабнага крызісу ў дзяржаве моцна небяспечная для суверэнітэту Беларусі. Перад намі агромністыя геапалітычныя выклікі – краіна зайшла ў тупік. Як казалі нашыя продкі: “Той самы нерат, з якога ні ўзад, ні ўперад”. Адзіным магчымым выйсцем з усебаковага крызісу, у якім апынулася Беларусь, бачыцца пастаянны доўгатэрміновы пошук кансэнсусу, раўнавагі ў грамадстве з улікам інтарэсаў розных слаёў грамадства.

Трэба пачаць шырокі грамадскі дыялог, накіраваны на нацыянальнае прымірэнне, як бы гэта цяжка ні здавалася камусьці пайсці на гэта. Перадумовай такога дыялогу мусіць быць правядзенне шырокамаштабнай амністыі”.

Дыялог… Кансэнсус… Прымірэнне… Заўважаю, гэтыя словы ў апошні перыяд усё часцей і часцей прарываюцца як з вуснаў тых, хто на ўласнай скуры зведаў усе жахі рэпрэсій, так і ад прадстаўнікоў умеранага праўладнага крыла, некаторых афіцыйных прапагандыстаў. І ў той жа час працягваецца “жэстачайшая” зачыстка. Праз якую, маўляў, павінны прайсці тыя “мясцовыя мярзотнікі”, якія “схаваліся, сядзяць і чагосьці чакаюць”. Адным словам, ніякага прымірэння.

Я вось думаю: з чым звязана такая зацятая пазіцыя, агучаная на ўвесь белы свет? Вышэйшае кіраўніцтва краіны стала закладнікам сілавікоў? Так, апошніх адольвае страх, адказнасць за гвалт, катаванні, незаконна ўчыненыя да многіх-многіх грамадзян. І яны гатовыя ісці, як кажуць, да канца, мясіць усіх, хто не падае на калені пасля выкрыку “На падлогу, тварам уніз!” Адчуванне такое, быццам у палоне гэтых узброеных да зубоў людзей знаходзіцца не толькі ўсё беларускае грамадства, але і ўсе галіны ўлады. Тыя, хто вось ужо каторы год не скідаюць балаклавы, не разумеюць, што зло памнажае зло.

Відавочна адно: каб краіна не паглыблялася ў супрацьстаянні, каб грамадства не было даведзена да крайняй рысы – унутрынацыянальнай вайны, трэба, я лічу, тэрмінова спыніць гвалт і катаванні ў адносінах да людзей, якія воляй лёсу апынуліся “па другі бок барыкад”, адмовіцца ад запраграміраванасці на помсту і нянавісць да тых, чые погляды разыходзяцца з “адзіна правільнымі”.

Ужо ўсім зразумела, што правалілася ідэя наконт стварэння і дзейнасці спецыяльнай камісіі па вяртанні беларусаў, якія з’ехалі за мяжу, ратуючыся ад пераследу карных органаў. Мала хто рызыкне ўзяць білет на зваротны шлях, калі дома ён павінен прайсці праз такое чысцілішча, якое не даводзілася праходзіць самым заўзятым злачынцам? Па сутнасці, кожнага, хто асмеліцца вярнуцца на радзіму, чакае люстрацыя, а для многіх гэта значыць – абмежаванні ў грамадзянскіх правах, забарона на працу з уладкаваннем у тую ці іншую арганізацыю, установу, а то і пазбаўленне свабоды…

І тут мне міжволі ўзгадаліся словы Аляксандра Лукашэнкі, сказаныя 31 снежня падчас навагодняга віншавання народа: “Нам усім, хто бачыць свет па-рознаму, трэба ўсвядоміць, што ў нас адзіная каштоўнасць – лапік зямлі ў цэнтры Еўропы. Іншага не дадзена. І ў імя захавання яго для дзяцей давайце перагорнем старонку пройдзенага і будзем разам пісаць новую главу незалежнай Беларусі”. Удумайцеся ў працытаваныя словы: прамы заклік да дыялогу, да спынення варажнечы і канфрантацыі, да прымірэння, да разумнай згоды ў грамадстве. Толькі чаму гэты гучны заклік да сённяшняга дня не ўвасоблены ў рэальнае жыццё? Чаму створаная камісія па вяртанні беларусаў з вымушанай эміграцыі абклала іх чырвонымі стужкамі, быццам ваўкоў пры аблаве? Чаму ж тыя крывавыя жорны палітычных рэпрэсій працягваюць шалёна круціцца, не спыняюцца ні на адзін дзень? І калі сапраўды можа адбыцца нацыянальнае прымірэнне, без якога, як я ўжо выказаўся ў загалоўку гэтага Адкрытага ліста, не захаваць нам незалежнай Беларусі, а значыць, і не мець шчаслівай будучыні на роднай зямлі?

На мой погляд, сёння гэта найгалоўнейшыя, найхвалюючыя, лёсавызначальныя пытанні і абгрунтаваныя, здавальняючыя адказы на іх трэба шукаць тэрмінова, безадкладна. Магчыма, мае асабістыя разважанні наконт таго, як дасягнуць так чаканага прымірэння ў грамадстве, каму-небудзь з чытачоў пададуцца спрэчнымі, не рэальнымі, але ўнутранае адчуванне падказвае: трэба іх агучыць. Дарэчы, хто-ніхто, мабыць, помніць, што яшчэ гадоў пяць таму я прапаноўваў правесці Агульнанацыяльны круглы стол па актуальных праблемах унутранай і знешняй палітыкі дзяржавы. Нават прадставіў пісьмовыя тэзісы адносна арганізацыйных момантаў магчымага форуму. На жаль, падтрымкі з боку ўлад не атрымаў, хоць тагачасныя апазіцыйныя лідары станоўча ўспрынялі маю ініцыятыву.

А раптам сёння мая грамадзянская пазіцыя знойдзе водгук як у адпаведных уладных структурах, так і апазіцыйных. Яшчэ раз паўтараю: без нацыянальнага прымірэння не захаваць нам незалежнай Беларусі! А значыць, без згуртаванасці ўсяго народа не мець шчаслівай будучыні на роднай зямлі. Дык чаму, акрамя пафасных слоў, ні з аднаго, ні з другога боку няма канкрэтных крокаў? Таму, лічу, што канфрантацыя набыла надзвычай агрэсіўныя формы. Бензін у агонь падліваюць розныя радыкальныя элементы. Сярод іх нямала такіх, якіх, на добры лад, за вярсту трэба было б трымаць ад палітычнай кухні. Таго ж бясслаўнага недажурналіста Мукавозчыка, якому мала штодзень накідвацца на апанентаў улады, дык ён яшчэ стаў публічна палохаць тых, хто аддана служыць сістэме. У адным з сакавіцкіх нумароў “СБ. Беларусь сегодня”, звяртаючыся да калег па пулу, ён напісаў: “Победи невероятные тогда (маецца на ўвазе 2020 год. – Рэд.) или в будущем, они нас, ябатек, вешали бы (будут вешать) на фонарях». Поўны абсурд, але ж пасыл зроблены: акулам пяра афіцыйных сродкаў масавай інфармацыі трэба на поўную катушку раскручваць спіраль гвалту ў адносінах да тых, хто яшчэ не схіліў галаву перад занесенай сякерай.

Так, усялякія мукавозчыкі, азаронкі, туры, гладкія, красоўскія і ім падобныя сваёй непрафесійнасцю, мяжуючай з крымінальным кілерствам, не спрыяюць усталяванню ў краіне згоды паміж рознымі сацыяльнымі групамі, а, наадварот, распальваюць варожасць. Але задача, якая стаіць перада мной, не намаляваць чорнай фарбай партрэты гэтых хіжых прапагандыстаў, якія не столькі карысці прыносяць уладам, колькі шкоды, а зладзіць паразуменне паміж тымі, хто сёння знаходзіцца па розныя бакі барыкад, але ад каго залежыць мір і спакой у краіне, гарантаванне незалежнасці і суверэнітэту Беларусі.

Прапаную разгледзець такі план выхаду краіны з палітычнага крызісу. Каб сесці за адзін стол і пачаць сур’ёзныя перамовы, і ўлады, і апазіцыя, вядома ж, павінны быць упэўненымі, што ніхто з іх ад гэтага не толькі не прайграе, а – сур’ёзна выйграе. Не выключаю, многія з тых, у каго сёння сіла, адміністрацыйныя рычагі, баяцца, што ў выпадку паразы, трансфармацыі ўлады ім давядзецца памяняцца месцамі з тымі, каго яны несправядліва пазбавілі волі ў апошнія два з паловай гады. Як адкінуць прынцып “зуб за зуб, вока за вока”? Тут праблему трэба сфакусіраваць у больш шырокім кантэксце. Тых, хто, нягледзячы на спрэчныя вынікі галасавання падчас прэзідэнцкіх выбараў, працягвае ўтрымліваць уладу ў сваіх руках, безумоўна, моцна не задавальняюць санкцыі, уведзеныя супраць Беларусі не толькі краінамі Еўрапейскага Саюза, але і ЗША, Вялікабрытаніяй, многімі іншымі дзяржавамі. Хадзіць працяглы час у ізгоях – гэта значыць згубіць усялякую перспектыву на міжнароднае супрацоўніцтва, на інтэграцыю па важнейшых накірунках з развітымі краінамі. Расія – не паратунак, яна сама пад санкцыямі. Тым больш што ўвязла ў вайне з Украінай, не адмаўляецца ад імперскіх амбіцый. Яе сённяшнія абдымкі ў будучым могуць аказацца для нас, беларусаў, смяротнымі. Таму нашай краіне неабходна як мага хутчэй вырвацца з ціскоў усходняга суседа, прарваць блакаду з боку Захада і выйсці на сусветны рынак і такім чынам уратаваць заўтрашні дзень эканомікі, без чаго нават нельга марыць пра нармальны дабрабыт людзей.

У прапагандысцкіх мэтах улады эксплуатуюць тэзіс, што гэта апазіцыя, так званыя “збеглыя” вінаваты ў тым, што Беларусь апынулася ў ізаляцыі ад цывілізаванага свету. Сапраўды, сярод тых, хто вымушаны з-за рэпрэсій ужо каторы год знаходзіцца за мяжой, ёсць асобы, якія дамагаюцца санкцый. Але, падказваю, яны ў адно імгненне могуць рашуча змяніць сваю пазіцыю. На які прынцыповы крок дзеля гэтага павінны пайсці ўлады? Аб’явіць палітычную амністыю, выпусціць на свабоду ўсіх, каго кінулі за краты з-за нязгоды з рэжымам, хто асмеліўся адкрыта выступіць супраць беззаконня, у абарону правоў чалавека. Як толькі для тысяч такіх людзей адчыняцца вароты турмаў – уся апазіцыя дружна звернецца ў міжнародныя структуры з ініцыятывай зняць усялякія санкцыі з Беларусі. Мяркую, гэта адначасова стане галоўнай перадумовай для дыялогу па нацыянальным прымірэнні, на што звярнуў увагу ў сваім апошнім слове на судзе той жа праваабаронца Алесь Бяляцкі. А я яшчэ дадам: калі ўлады пойдуць на такі дзейсны крок, то нават тады, калі высокапастаўленыя асобы згубяць лейцы кіравання, то іх, як і сілавікоў, ніхто не стане пераследаваць па прынцыпе “зуб за зуб, вока за вока”. Мы, беларусы, талерантны народ, не ў нашым характары зводзіць рахункі адзін з адным. Дык ці ж сапраўды не перагарнуць нам старонку пройдзенага, аддаць на суд гісторыі ўсё, што ў апошнія гады было добрае, чым змогуць ганарыцца нашчадкі, і ўсё, што не з’явілася здабыткам нацыі ў станоўчым сэнсе, а стала ўрокам, як у далейшым пазбаўляцца ад няправільных дзеянняў, недарэчных памылак.

Узнікае пытанне: а як дабіцца таго, каб на шляху да агульнанацыянальнага дыялогу былі зняты ўсе перашкоды? Каб улады нарэшце паверылі апазіцыі, а апазіцыя паверыла ўладам, не абысціся без аўтарытэтных міжнародных пасярэднікаў. Асабіста я аддаў бы перавагу, скажам, такім краінам, як нейтральная Швейцарыя альбо Фінляндыя. Пажадана, каб менавіта іх дыпламаты распачалі канфідэнцыяльныя перамовы як з высокімі асобамі беларускіх улад, так і з лідарамі апазіцыі. Калі абодва бакі прымуць адзіны алгарытм дыскусіі па ўсім спектры пытанняў, звязаных з нацыянальным прымірэннем і вызначэннем шляхоў далейшага развіцця краіны, тады і можна будзе прызначаць дату сустрэчы дэлегацый у тым ці іншым месцы. Вядома ж, гэта будзе тая краіна, якая возьме на сябе абавязкі стаць мадэратарам дыялогу ад пачатку да канца.

Мне бачыцца, што архіважныя перамовы паміж беларускімі ўладамі і яе апанентамі павінны адбыцца да чарговых парламенцкіх і мясцовых выбараў, у якіх пры жаданні змогуць прыняць удзел і ўсе, хто выйдзе на волю па палітычнай амністыі. Такое права для экс-вязняў неабходна будзе замацаваць асобным пунктам у канчатковым дакуменце перамоў. У абноўленай Канстытуцыі, як і ў ранейшым варыянце, ясна сказана, што асноўнай крыніцай улады з’яўляецца народ. А каб не паўтарылася тое, што здарылася ў 2020 годзе, усе наступныя электаральныя кампаніі павінны прайсці дэмакратычна, у адпаведнасці з патрабаваннямі заканадаўства. Не будзем гадаць, каму з прэтэндэнтаў на парламенцкі ці прэзідэнцкі мандат у будучым аддасць перавагу народ – важна, каб кожны голас быў улічаны, каб ні ў кога і падазрэнняў не ўзнікала, што мела месца нейкае махлярства, парушэнне нормаў дэмакратыі, грамадзянскіх правоў.

У заключэнне я скажу, што ні адзін, ні другі бок мяне не ўпаўнаважваў выступіць з гэтым Адкрытым лістом. І, вядома ж, не ў маёй кампетэнцыі распісваць усе нюансы магчымых варыянтаў дасягнення ўжо ў бліжэйшай перспектыве нацыянальнага прымірэння. Але ў каторы раз паўтару свой тэзіс, пры гэтым у больш катэгарычнай форме: без нацыянальнага прымірэння мы, безумоўна, страцім Беларусь! Сёння, як, бадай, ніколі на працягу апошніх дваццаці-трыццаці гадоў, наша незалежнасць знаходзіцца ў страшэннай небяспецы. Уратаваць Радзіму зможам толькі ўсе разам! І гэта наш святы абавязак!

Напісаць каментар 57

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках