27 красавiка 2024, Субота, 0:54
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Узнагароджанне васала або ўціхамірванне дойнай каровы: што стаіць за візітам Сі ў Маскву

8
Узнагароджанне васала або ўціхамірванне дойнай каровы: што стаіць за візітам Сі ў Маскву

Галоўныя версіі ад лідараў меркаванняў.

Лідар Кітая Сі Цзіньпін прыбыў у Маскву, нягледзячы на ордэр на арышт расейскага дыктатара Уладзіміра Пуціна, які быў выдадзены некалькі дзён таму Міжнародным крымінальным судом у Гаазе.

Палітыкі і экспэрты пачалі падводзіць першыя вынікі гэтага візіту.

Сайт Charter97.org сабраў каментары лідараў меркаванняў аб прыездзе Сі Цзіньпіна ў Маскву.

«Пекін будзе ставіць за мэту атрымаць больш дывідэндаў з гісторыі расейска-ўкраінскай вайны. Ва ўмовах паслаблення Расеі збліжэнне Пекіна і Масквы будзе большым, але на ўмовах Кітая», - адзначыў палітычны экспэрт, кіраўнік Цэнтра грамадскай аналітыкі «Вежа» Валерый Клачок.

Расея за Пуціным выконвае для Кітая ролю дойнай каровы, мяркуе расейскі сацыёлаг Ігар Эйдман.

«Цяпер кітайскія ўлады з жахам бачаць, як іх карова ашалела і нясецца насустрач гібелі. Яны спрабуюць зрабіць апошнюю спробу яе выратаваць». [...] Аднак Пуцін неадэкватны, не разумее, што саступае ў вайне, і, магчыма, не пойдзе на выратавальны для яго кітайскі план. Ён, як многія слабыя людзі, больш за ўсё баіцца публічна праявіць сваю слабасць», - напісаў Эйдман у Telegram.

Супрацоўнік Кітайскага цэнтра Ельскай школы права Морыц Рудольф адзначыў, што Расея цяпер больш залежыць ад Кітая, чым у 2014-м годзе, калі пасля анэксіі Крыма Масква прапанавала Пекіну пастаўляць газ па «Сіле Сібіры» зніжаным коштам.

Кітай глядзіць на Расею як на заваяваную краіну, мяркуе расейскі апазіцыянер, палітолаг Андрэй Пянткоўскі.

«Сі Цзіньпін адчувае, што расейскі ўлус пацярпеў паразу. І сам факт паразы Расеі Кітай не бянтэжыць. Кітай разглядае Расею як тэрыторыю для паглынання», - заявіў Пянткоўскі.

Былы міністр замежных спраў Украіны Павел Клімкін мяркуе, што Кітай паставіў перад расейскімі элітамі экзістэнцыйнае пытанне.

«Паслабленне Расеі для яго вельмі выгаднае - гэта дазваляе атрымаць апасродкаваны кантроль над РФ. Пакуль што. Шмат хто ў Расеі і так задумваецца над гэтым сцэнарам, а пасля ордэра на арышт Пуціна пачнуць вельмі сур'ёзна думаць. Расейскім элітам ёсць што губляць, і неўзабаве можа быць позна», - напісаў Клімкін у Facebook.

На думку расейскага праваабаронцы Марка Фейгіна, Пекін выступае адвакатам Масквы і спрабуе выратаваць Уладзіміра Пуціна. Аднак імкнецца зрабіць гэта такой цаной, якая была б выгадная самому Кітаю.

«Калі б Кітай разам з Пуціным хацеў усіх перамагчы, Сі дзейнічаў бы інакш. Тады б не было гэтай інфармацыі аб размове з Зяленскім. А такія планы ў Сі Цзіньпіна ёсць. Кітай спрабуе быць хітрэйшымі ва ўсёй гэтай сітуацыі», – сказаў праваабаронца.

Расея стане чарговым пазыковым рабом Кітая, думае вядомы журналіст Андрэй Акунь.

«Кітай разумее, што краіны-партнёры часта не могуць плаціць па запазычанасцях, але ўсё адно з радасцю выдае ім крэдыты. А потым за нявыплату адбірае важныя стратэгічныя аб'екты. Напрыклад, увесну 2018 года Таджыкістан аддаў Кітаю золатаруднае радовішча «Верхні Кумарг» з запасам золата 50 тон у кошт выплаты запазычанасці 330 млн даляраў», - напісаў Акунь у Telegram.

Як мяркуюць спецыялісты Інстытута вывучэння вайны (ISW), рыторыка Сі сведчыць аб тым, што ён «не схільны цалкам надаваць Пуціну эканамічную і палітычную падтрымку, неабходную РФ для пераадолення няўдач ва Украіне».

«Сі і Пуцін падчас сустрэчы 20 сакавіка рэкламавалі трываласць кітайска-расейскіх дачыненняў, але ў артыкулах, апублікаваных 19 сакавіка, прапанавалі розныя тлумачэнні маштабу будучых стасункаў», – тлумачаць аналітыкі.

«Сі Цзіньпін, які толькі што памірыў Іран з Савудаўскай Арабіяй, гатовы быў прапанаваць Пуціну гарантыю ўласнага выратавання, - у абмен на ператварэнне Расеі ў калонію і сыравінны прыдатак Кітая. У калонію, з якой пры дапамозе карумпаванага кіраўніка выпампоўваецца ўся сыравіна, але пры гэтым метраполія не нясе ніякай адказнасці ні за дабрабыт грамадзян калоніі, ні за яе развіццё», – думае расейская журналістка Юлія Латыніна.

«Цалкам зразумела, хто «старэйшы», а хто «малодшы», хто - метраполія, а хто - пратэктарат. Вядома, Кітай такая сістэма стасункаў цалкам задавальняе, таму можна нават «узнагародзіць» дакладнага васала візітам сюзэрэна. І яшчэ нешта паабяцаць. Не вельмі шмат - песціць не варта, але дастаткова, каб захаваць у васала баявы дух і жаданне працягваць барацьбу», - апісаў сутнасць расейска-кітайскіх стасункаў украінскі палітолаг Пётр Аляшчук.

З тым, што Расея ператвараецца ў васала Паднябеснай, згодны вядомы ўкраінскі аналітык і журналіст Арэст Сохар.

«Калапс маскавіцкай эканомікі ад заходніх санкцый не адпавядае інтарэсам Кітая, а прыход у Крэмль празаходняга лідара стане для КНР «стратэгічным правалам». Гэтую карову Пекін настроены даіць сам і клапаціцца, каб яна не адкінула капыты», - напісаў журналіст у Telegram.

Пра тое, што ў Расеі няма іншага выбару, акрамя як стаць васалам Кітая, загаварылі нават расейскія прапагандысты.

«Справа ў тым, што Расея, якая ўвайшла ў XXI стагоддзе неканкурэнтназдольнай у высокатэхналагічных галінах (гэта таксама трэба прызнаць), мае не тую самастойную вагу на палітычнай арэне, каб наўпрост супрацьстаяць ЗША. І выбар у нас, уласна, не вялікі. Павярнуцца альбо на Захад, альбо на Усход», - піша Марыя Дзегцярова, заяўляючы, што ў РФ проста няма іншага выбару, як далучыцца да Кітаю.

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках