27 лiпеня 2024, Субота, 15:08
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Усяму свету беларусы заявілі, што мы — народ, які мае сваю культуру»

1
«Усяму свету беларусы заявілі, што мы — народ, які мае сваю культуру»

Вядомыя беларусы расказалі, што для іх значыць Дзень Волі.

25 сакавіка беларусы адзначаць 105-ю гадавіну абвяшчэння незалежнасці Беларускай народнай рэспублікі. Telegram-канал "Баста!" спытаў вядомых беларусаў, што для іх значыць гэтая дата:

Аляксандр Малчанаў (беларускі ахвотнік):

- Дзень Волі - гэта памяць пра абвяшчэнне БНР, адзін з этапаў станаўлення беларускай дзяржаўнасці.

Пра гэта важна памятаць і для таго, каб разумець, што тады савецкая Расея змагалася супраць ідэі беларускай незалежнасці, цяпер пуцінская Расея спрабуе знішчыць беларускую дзяржаўнасць, загнаўшы ў кут беларускага дыктатара.

Трэба разумець, што гістарычна вораг беларусаў на ўсходзе.

Яўген Дудкін, прадстаўнік партыі БХД:

– Сёння вельмі важна тое, што тая барацьба, якая адбывалася за ідэалы БНР – яна паказвае, што ёсць пэўныя вынікі.

Андрусь Цянюта, актывіст:

- 25 сакавіка - гэта галоўнае свята ў беларускім календары. Гадавіна абвяшчэння БНР. Гадавіна аднаўлення незалежнасці Беларусі пасля шматгадовага расейскага прыгнёту.

Ішлі часы, свет змяняўся, але ворагі беларускай незалежнасці засталіся ўсе тыя ж.

Цяпер гэты дзень найбольш актуальны, бо тысячы беларусаў сядзяць у турмах, а краіна знаходзіцца пад пагрозай страты незалежнасці. Гэта дзень барацьбы беларускага народа за сваю краіну. Гэта дзень гонару! Таму важна пра яго памятаць.

Алесь Лапко, сузаснавальнiк Беларускага моладзевага цэнтра:

— Дзень Волі важны для беларусаў, бо з'яўляецца згадкай пра тое, што мы не ўчора апынуліся на гэтай зямлі, што нашы продкі змагаліся за волю, свабоду і незалежную дзяржаву, што гэтыя вартасці з намі здаўна, і мы іх пільнуемся. Яшчэ гэты дзень і яго святкаванне мае падштурхоўваць да нацыянальнай рэфлексіі.

Чаму так сталася, што 105 гадоў таму была абвешчаная незалежнасць Беларусі, а на сёння пытанне суверэнітэту і яго важнасці для народа застаецца адкрытым. Я мяркую, што Дзень Волі – гэта свята таксама пра сучаснасць, а не толькі пра гісторыю.

Арганізатар акцый салідарнасці беларусаў Варшавы Валерый Сляпухін:

- Мы б засталіся часткай Расейскай імперыі, як "паўночна-заходні край", або страчанай часткай Вялікага Княства Літоўскага, або "ўсходнімі крэсамі" Польшчы.

Усяму свету мы заявілі, што мы частка гісторыі, народ, які мае сваю культуру, мову, гісторыю і свае межы.

Цяпер важна падкрэсліваць самастойнасць і незалежнасць, шанаваць дзень нараджэння сваёй нацыі.

Менавіта па гадах незалежнасці можна будзе меркаваць, як развіваецца нацыя, праз якія цяжкасці яна праходзіць для свайго станаўлення. Глядзець і бачыць, як нацыя (дзіця) вучыцца спасцігаць свет і быць яго часткай. Гэта закладзена ў нашай крыві. Жыве Беларусь!

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках