Мядзведзеў заклікаў расейцаў красці, каб прычыніць Захаду «максімальную шкоду»
34- 25.03.2023, 14:16
- 12,588

Намеснік кіраўніка Савета бяспекі РФ накіраваўся на замежныя фільмы і серыялы.
Намеснік старшыні Савета бяспекі Расеі Дзмітрый Мядзведзеў заклікаў расейцаў красці заходнія фільмы і серыялы і «раскідваць» іх па інтэрнэце, каб «прычыніць максімальную шкоду» замежным сэрвісам накшталт Netflix. Аб гэтым ён заявіў у інтэрв'ю расейскім журналістам 24 сакавіка.
Мядзведзеў заявіў, што раней ён быў прыхільнікам легальнага спажывання кантэнту і стараўся не карыстацца торэнтамі для незаконнага запампоўвання, але цяпер яго меркаванне памянялася.
«Калі яны сышлі ад нас, усякія «нетфліксы» і іншыя, значыць, будзем гэта ўсё спампоўваць, будзем карыстацца бясплатна. А я б усё гэта па сетцы раскідваў, для таго, каб прычыніць ім максімальную шкоду. Максімальную шкоду! Каб яны збанкрутавалі!», - сказаў Мядзведзеў.
Нагадаем, папулярны стрымінгавы сэрвіс з фільмамі і серыяламі Netflix спыніў працу ў Расеі вясной 2022 года ў сувязі з пачаткам поўнамаштабнага ўварвання ва Украіну. А вядучыя сусветныя кінакампаніі адмовіліся ад паказу сваіх фільмаў у расейскіх кінатэатрах.