27 красавiка 2024, Субота, 3:27
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Уладзімір Фясенка: Кітай мог даць непублічныя ўстаноўкі што да ядзернай зброі ў Беларусі

20
Уладзімір Фясенка: Кітай мог даць непублічныя ўстаноўкі што да ядзернай зброі ў Беларусі
УЛАДЗІМІР ФЯСЕНКА
ФОТА: УКРІНФОРМ

Пекін дыстанцуецца ад агрэсіўных дзеянняў Расеі.

Днямі Пуцін заявіў аб тым, што РФ размесціць у Беларусі тактычную ядзерную зброю. Аб тым, што напраўду стаіць за словамі гаспадара Крамля, сайт Charter97.org пагаварыў з вядомым украінскім палітолагам, кіраўніком Цэнтра практычных палітычных даследаванняў «Пента» Уладзімірам Фясенкам.

- Заява Пуціна аб размяшчэнні ў Беларусі ядзернай зброі - відавочны шантаж Захаду. Падкрэслю, не Украіны, а менавіта Захаду, бо з тэрыторыі Беларусі ядзерную зброю можна выкарыстоўваць як і супраць Украіны, так і супраць заходняга кірунку.

Мяркуючы з усяго, гэта даўняя ідэя. Упершыню пра гэта ішла размова яшчэ ў 2021 годзе, да пачатку вялікай вайны. Тады Лукашэнка прасіў аб размяшчэнні ядзернай зброі ў Беларусі. Гэта была шматхадовая камбінацыя. Ён меў канфлікт з палякамі ды ЕЗ, а Пуцін гэта выкарыстоўваў для ціску на Захад. Ужо тады рыхтавалася выстаўленне ўльтыматуму ЗША і NATO, які і быў выстаўлены ў канцы 2021-га года.

Вайна ўсё змяніла. Пуцін мерыўся дамагчыся сваіх мэт праз хуткую перамогу ва Украіне - не выйшла. Наважылі змяніць гэты сцэнар, і цяпер ён накіраваны на спробу спалохаць Захад, каб ён спыніў пастаўкі зброі.

Гэта яшчэ і такі абмен сігналамі - "на эскалацыю адказваем эскалацыяй". Фармальна падставай абраная пастаўка Вялікай Брытаніяй набояў са збедненым уранам. Напраўду гэта не забароненая зброя. Яе мае і Расея. Паасобныя эксперты кажуць, што яна выкарыстоўвалася і ва Украіне.

Для Масквы гэта нагода зноў папалохаць ядзернай зброяй, а таксама сігнал "не пастаўляйце Украіне зброю, інакш мы будзем узмацняць эскалацыю вайны ва Украіне". Таму ў той самы дзень Пуцін і пра танкі загаварыў.

Што ў гэтай сітуацыі паказальна - ён з аднаго боку палохае, а з другога паказвае, што ахвочы дамаўляцца. Заўважце, як было сказана, што Расея будзе выконваць абавязанні паводле Пагаднення аб абмежаванні стратэгічных наступальных узбраенняў. Хаця яшчэ месяц таму сам жа Пуцін заявіў, што Расея прыпыняе ўдзел у гэтай умове. Такі парадокс, якога напраўду няма.

Тады таксама Пуцін сказаў, што нібыта Расея прыпыняе ўдзел у гэтым пагадненні, але адначасова будзе выконваць яго нормы. Пра гэта асобна гаварыла расейскае МЗС.

Вось і цяпер ладзяцца размяшаць ядзерную зброю ў Беларусі, але разам з тым кажуць, што не буду парушаць нормы Пагаднення аб СНУ.

- Пра што гэта сведчыць?

- Пра тое, што Пуцін трымае дзверы адчыненымі для магчымых перамоў. Гэтая заява не для канфрантацыі з Захадам. Фармальна гэта выглядае так, а напраўду гэта спроба праз запалохванне падштурхнуць Захад да перамоў. Але гэта наўрад спрацуе. Гэтая тактыка працавала да вялікай вайны, дый тое не заўсёды. Цяпер жа Пуціна, скажам так, не ўспрымаюць як дамоваздольнага партнёра. Здаецца, ён дагэтуль гэтага не разумее.

- На заяву Пуціна адрэагаваў Кітай. МЗС краіны спасылаецца на заяву Рады бяспекі ААН аб недапушчэнні ядзернай гонкі ўзбраенняў. Ці будзе з боку Кітая больш актыўная пазіцыя што да недапушчэння эскалацыі?

- Добра, што Кітай выступае з такіх пазіцый. Гэта ўжо не першая заява краіны супраць выкарыстання ядзернай зброі, але пакуль гэта выглядае абстрактна. Дзе ў гэтай заяве дырэктыўная крытыка Расеі або заклік не рабіць гэтага? Праблема ў тым, што гэта, падкрэслю, абстрактны заклік.

Добра, што Кітай заяўляе пазіцыю супраць гонкі ядзерных узбраенняў, але сумняваюся, што гэта падзейнічае на Пуціна. Не выключаю, што Кітай непублічна сказаў: "Так, на словах можаце палохаць, але галоўнае, каб ядзерная зброя рэальна не была выкарыстаная".

Фармальны нейтралітэт Кітая тут выяўляецца, гэта добра. Кітай дыстанцуецца ад агрэсіўных дзеянняў Расеі.

Напісаць каментар 20

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках