25 красавiка 2024, Чацвер, 15:11
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Партыя Пашыняна заявіла, што Пуцін будзе арыштаваны, калі прыедзе ў Арменію

18
Партыя Пашыняна заявіла, што Пуцін будзе арыштаваны, калі прыедзе ў Арменію

Ерэван выконвае свае міжнародныя абавязацельствы.

У партыі армянскага прэм'ер-міністра Нікола Пашыняна параілі Уладзіміру Пуціну не наведваць Арменію. Інакш кіраўніцтва краіны павінна будзе арыштаваць прэзідэнта Расеі, заявіў дэпутат Нацыянальнага сходу Арменіі ад кіроўнай фракцыі Гагік Мелканян, піша The Moscow Times.

«Калі Пуцін прыедзе ў Арменію, яго павінны арыштаваць <…> Пуціну лепш застацца ў сваёй краіне… Калі мы ўваходзім у гэтыя пагадненні, то павінны выконваць свае абавязацельствы. Няхай Расея развязвае свае праблемы з Украінай… Я хачу, каб Пуцін не прыязджаў у Арменію», - сказаў ён.

На мінулым тыдні Канстытуцыйны суд Арменіі адобрыў ратыфікацыю парламентам Рымскага статута - асноўнага дакумента, адпаведна з якім працуе Міжнародны крымінальны суд (МКС). Абавязацельствы, замацаваныя ў Рымскім статуце, не супярэчаць Канстытуцыі Арменіі, пастанавіў КС. Пастанова была канчатковай і набыла моц з моманту апублікавання.

Ордэр на арышт Уладзіміра Пуціна МКС выдаў 17 сакавіка. Расейскага прэзідэнта падазраюць ва ўчыненні ваеннага злачынства ва Украіне - дэпартацыі ўкраінскіх дзяцей з захопленых тэрыторый.

Арменія падпісала Рымскі статут яшчэ ў 1999 годзе, аднак не ратыфікавала яго. Урад краіны звярнуўся ў Канстытуцыйны суд з просьбай прызнаць юрысдыкцыю МКС у 2022 годзе, каб заклікаць Азербайджан да адказнасці за дзеянні на тэрыторыі Нагорнага Карабаху.

У панядзелак, ужо пасля ратыфікацыі дакумента МКС Ерэванам, расейскае МЗС прыстрашыла Арменію негатыўнымі наступствамі». «Армянскія калегі папярэджаныя аб вельмі негатыўных наступствах іх магчымых кроках для двухбаковых стасункаў з Расеяй», - заявіў прадстаўнік Міністэрства замежных спраў Расеі. Са слоў дыпламата, Масква ўважае крок армянскіх уладаў за непрымальны.

Напісаць каментар 18

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках