Нямеччына ў сем разоў павялічыць вайсковую дапамогу Украіне
8- 29.03.2023, 18:20
- 4,424
Берлін выдзеліць Кіеву 12 мільярдаў еўраў.
Улады Нямеччыны маюць намер надаць Украіне вайсковую дапамогу ў суме 12 млрд еўраў - у дадатак да ўжо выдзеленых 2,2 млрд еўраў. Бюджэтны камітэт Бундэстага сёння ўхваліць адпаведны запыт міністэрства абароны, паведамляе Bloomberg са спасылкай на людзей, знаёмых з сітуацыяй.
Сукупныя выдаткі складуць, такім чынам, 14,2 млрд еўраў. Сёлета іх плануецца павялічыць больш як удвая, да 5,4 млрд еўра; астатнія 8,8 млрд еўраў будуць даступныя па меры неабходнасці, распавялі крыніцы Bloomberg.
Напярэдадні часопіс Spiegel паведаміў, што ў найбліжэйшыя гады выдаткі Нямеччыны на вайсковую дапамогу Украіне могуць вырасці да 15 млрд еўраў, адпаведны запыт у бюджэтны камітэт Бундэстага накіравала Міністэрства фінансаў.
Нямеччына пастаўляе Украіне боепрыпасы, артылерыю, у тым ліку самаходныя ўстаноўкі; на днях на яе тэрыторыю прыбылі 18 танкаў Leopard 2 і амаль 40 баявых машын пяхоты Marder. Нямеччына імкнецца павялічыць выпуск боепрыпасаў і ўзбраенняў, і прыватныя кампаніі просяць для гэтага паскорыць колькасць дзяржзаказаў і дапамагчы з пашырэннем вытворчасцей. Найбуйнейшы ў краіне вытворца ўзбраенняў Rheinmetall папрасіў Берлін выдзеліць мінімум 500 млн еўраў на будаўніцтва новага завода боепрыпасаў коштам 800 млн, расказваў Financial Times гендырэктар кампаніі Армін Папергер. «Мы не можам інвеставаць усю суму самі, бо гэта інвестыцыі ў нацыянальную бяспеку», - сказаў ён.