29 траўня 2024, Серада, 10:32
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Што такое шчасце і ад чаго яно залежыць: навукоўцы далі адказы на гэтыя пытанні

14
Што такое шчасце і ад чаго яно залежыць: навукоўцы далі адказы на гэтыя пытанні

Для гэтага трэба было больш за 80 год назіраць за некалькімі пакаленнямі людзей.

Што такое шчасце і як стаць шчаслівым - адны з самых папулярных пытанняў чалавецтва. Навукоўцы з Гарвардскага ўніверсітэта наблізіліся да разгадкі – яны выкрылі сакрэт шчасця. Навукоўцы правялі вельмі доўгі эксперымент - больш за 80 гадоў яны назіралі за жыццём 724 мужчын ды іхніх блізкіх, якія жывуць у Бостане, спрабуючы зразумець, што ж робіць іх шчаслівымі. Выснова сталася нечаканай, піша выданне Walla. З 1938 года падыспытных перыядычна апытвалі наконт "задаволенасці жыццём". І высветлілася, што добрыя стасункі з іншымі людзьмі для нашага шчасця значна важнейшая рэч, чым грошы і поспех, піша «Блокнот».

«Самае дзіўнае, што добрыя стасункі не толькі робяць нас шчаслівымі на працягу ўсяго жыцця, але робяць нашае цела і мозг здаравейшымі. Мы жывём даўжэй», - адзначылі даследчыкі. Навукоўцы сцвярджаюць, што сацыяльныя стасункі шмат у чым звязаныя са здароўем і доўгім жыццём. Гэта пацвярджаюць і іншыя даследаванні, якія паказваюць, што людзі з моцнымі сацыяльнымі сувязямі маюць на 50% больш шанцаў выжыць у кожнай сітуацыі. Удзельнікі даследавання, якія не прысвячаюць час іншым людзям, выявіліся ізаляванымі і няшчаснымі. Акрамя таго, не варта забываць тых, хто Вам сапраўды дапамагае - і каму Вы дапамагаеце. Прычым, падтрымка можа быць рознай - у працы, захапленнях, навучанні, упэўненасці ў сабе, проста на ўзроўні цікавасці, рамантычных стасункаў або супольнага баўлення часу.

Таксама навукоўцы высветлілі, што шчасце для многіх падыспытных не было мэтай, а стала працэсам. І ў складаныя, цяжкія часы людзі заставаліся шчаслівымі дзякуючы сваім моцным стасункам з блізкімі і сябрамі. «Добрае жыццё радаснае і складанае. Яно поўнае любові, але таксама і болю. Прычым, гэта непрадказальна. Але калі цяжкасці пераадольваюцца з падтрымкай, то жыццё здаецца шчаслівым. Гэта працэс», - адзначаюць навукоўцы.

Шмат каму захоўваць адчуванне шчасця дапамагаў уласны досвед. Аўтары згадваюць падыход W.I.S.E.R для развязання праблем - што значыць Watch, Interpret, Select, (a response), Engage, Reflect. І ў перакладзе на беларускую мову: глядзець, інтэрпрэтаваць, выбіраць (адказ), дзейнічаць, рэфлексаваць.

Яшчэ адно адкрыццё, да якога прыйшлі навукоўцы - гэта тое, што шчасце можна знайсці ва ўсякі час. Шмат хто памылкова мяркуе, што ягонае жыццё жахлівае і змяніць нічога нельга, але гэта не так. Напрыклад, адзін гадзіншчык, які ўдзельнічаў у даследаванні, усё сваё жыццё быў у нешчаслівым шлюбе, але калі ён расстаўся са сваёй жонкай у 68 гадоў, ён пачаў штодня кантактаваць з людзьмі са свайго мясцовага клуба здароўя. Ягоная ацэнка шчасця ўзнялася да максімальна магчымага ўзроўню. Акрамя таго, было даведзена, што шчасце не звязанае з дзяцінствам. Нават людзі з няшчасным дзяцінствам, узгадаваныя п'янымі бацькамі або ў праблемных мясцінах, пазней змаглі стаць шчаслівымі.

Напісаць каментар 14

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках